У храме Pater noster («Ойча наш»), вядомым таксама як Царква ўсіх нацый у Ерусаліме (Базіліка Гефіманскай малітвы), будзе размешчана шыльда з тэкстам галоўнай хрысціянскай малітвы на беларускай мове.

Пра гэта паведаміў журналістам арцыбіскуп, мітрапаліт Мінска‑Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч.

Паводле арцыбіскупа, адпаведныя перамовы паспяхова вядуцца з настаяцелем храма, а таксама з прадстаўнікамі Францыі (Храм нацый знаходзіцца ва ўласнасці французскай дзяржавы).

Зараз у Pater noster размешчаныя 63 шыльды з тэкстам малітвы «Ойча наш» на розных мовах свету.

«Усталяванне беларускамоўнай шыльды акрэсліць прысутнасць беларускай царквы, беларускіх вернікаў на Святой зямлі.

Гэта не толькі справа хрысціянскай веры, але і справа культуры», — адзначыў Тадэвуш Кандрусевіч.

Храм Pater noster быў заснаваны каталікамі на тым месцы, дзе, паводле падання, Ісус у адказ на просьбу апосталаў навучыць іх маліцца, паднёс ім у якасці ўзору тэкст малітвы, сёння добра вядомай усім хрысціянам свету.

Арцыбіскуп таксама распавёў пра тое, што ёсць планы ўсталяваць абраз Маці Божай Будслаўскай у базыліцы Дабравешчаньня ў Назарэце.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?