Ілюзіяніст (Illusionist).

ЗША–Чэхія, 2006, каляровы, 110 хв.

Жанр: драма паводле раману Стывэна Мільгаўзэра.

Адзнака: 7 (з 10).

На бяду сустрэліся бедны юнак і герцагіня. Яны ня роўня адзін аднаму. Празь пятнаццаць гадоў закаханы герой вяртаецца ў Імпэрыю як ілюзіяніст Эйзэнгайм. Яго дзівосы неверагодныя – і герцагіня адразу кідаецца ў абдымкі былога сябра.

Але дзяўчына ўжо заручаная з кронпрынцам – і ёй належыць не апошняе месца ў плянаваным дзяржаўным перавароце. Ганарлівы прынц ня можа дапусьціць, каб сарвалася мадэрнізацыя аўстра-вугорскай манархіі...

Фільм Ніла Бёргера – гэта чары. Чары эпохі з палацамі, кацялкамі, мундзірамі, карункамі, жабракамі – і палітычнымі інтрыгамі.

Гэта чары кінэматографу, на які вельмі падобныя сьпірытычныя сэансы Эйзэнгайма. Выпаленыя сэпіяй вуліцы, чараўнік пад дрэвам, здані дзяцей – і глядацкі шок. Апэльсінавае дрэва, якое вырастае на нашых вачох, выдрэсіраваныя матылі, імгненны партрэт імпэратара.

Чараўнік Эдварт Нортан («Байцоўскі клюб») – стрымана-таямнічы, сьледчы (Пол Джамаці) – імпэтны й валявы, кронпрынц (Руфус Сьюэл) – ганарліва-мярзотны, а закаханая гераіня (Джэсыка Біл) – копія Скарлет Ёхансан.

«Ілюзіяніст» – гэта чары любові. Стрыманай, палкай, ціхай. Яна здольная чакаць і прыдумлівая на вынаходніцтвы.

Гісторыя мага і герцагіні ў нечым нагадвае каханьне Жыгімонта Аўгуста й Барбары Радзівіл. Але разьвязка аўстрыйскай драмы прымусіць жанчын плакаць ад радасьці.

Ды толькі, колькі прадоўжыцца шчасьце, збудаванае на геніяльных ілюзіях?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?