Значкі «За Свабоду» сталі абсалютна папулярнымі. Аднак да апошняга часу аўтар брэнду «За Свабоду» заставаўся невядомым. Прыйшоў час раскрыць імя. Карэспандэнт «Нашай Нівы» гутарыць з кіраўніком групы, якая распрацоўвала гэты брэнд — мастацтвазнаўцам Вацлавам Арэшкам.

Праца цэлага калектыву

«Наша Ніва»: Як узьнікла ідэя стварэньня брэнду «За Свабоду»?

Вацлаў Арэшка: Брэндмэйкінгам мы займаемся вельмі даўно. Я кажу «мы», бо гэта не самотная праца, таксама гэта праца мастакоў, сацыёлягаў. Пакуль я не магу называць прозьвішчы тых, з кім я працаваў, але калі‑небудзь гэта будзе вядома. Гэта праца цэлага калектыву. Першым брэндам, які быў створаны пад маім кіраўніцтвам, быў брэнд кампаніі «Выбірай» у 2001 годзе. Пасьля былі «Пяцёрка+», кампанія «Зробім лепш», лягатып Кангрэсу, сёньняшні значок Партыі БНФ. Але адчувалася, што патрэбныя новыя крокі. Мы правялі дасьледаваньні і вырашылі, што, каб у грамадзтве былі перамены, трэба працаваць зь меншасьцю, якая ў нас ужо ёсьць, замацаваць яе. Гэта тыя, хто ня ўдзельнічае ў вулічных акцыях, не зьяўляецца сябрамі партыяў, але прыхільны да нас. Трэба, каб на гэтых людзей нешта падзейнічала. Раней мы ішлі да людзей, як было зь «Пяцёркай+», з тымі самымі лёзунгамі, што і Лукашэнка. Улады таксама ня сьпяць у справе з брэндамі, той жа лёзунг «За Беларусь!» чаго варты.

З дапамогай сацыёлягаў мы правялі дасьледаваньне, каб даведацца, што для людзей найважнейшае. Прадстаўлялі пэўны сьпіс: свабода, праўда, справядлівасьць, незалежнасьць, стабільнасьць. І практычна ва ўсіх апытаньнях перамагала свабода. Так і зьявіліся першыя лягатыпы брэнду «За Свабоду».

«Аб’яднала свабода»

«НН»: Але чаму менавіта свабода набыла такую папулярнасьць у грамадзтве?

ВА: Гэта лёзунг абсалютна непрымальны да Лукашэнкі. Ён можа быць за Беларусь, за незалежнасьць, за праўду, але ні ў якім разе не за свабоду. Пасьля мы прапанавалі гэты брэнд у штаб адзінага кандыдата. Па нашай схеме гэты лёзунг адразу вылучаў Мілінкевіча сярод іншых кандыдатаў. Кожны ў свабодзе знаходзіць нешта сваё: для прадпрымальнікаў свабода — гэта права на ўласнасьць, для студэнта — магчымасьць вучыцца за мяжой, для рабочых — свабода ад кантрактаў. Аднак наша схема не была выкарыстана падчас кампаніі. Колькі мы ня біліся, што патрэбны лёзунг з адным словам, перавага была аддадзена «Свабодзе. Праўдзе. Справядлівасьці». Аднак брэнд «За Свабоду» прыжыўся. Распаўсюджваньне брэнду «За Свабоду» было як вірус. Пазьнейшыя падзеі даказалі, што мы не памыліліся з брэндам.

«НН»: Вы лічыце зьяўленьне брэнду «За Свабоду» найбольш пасьпяховым праектам дэмакратаў за гэты год?

ВА: Выйшла так, што Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы прынялі гэты брэнд, яго прыняў зь невялікім спазьненьнем Мілінкевіч. З тымі ж «зубрамі» дамаўляліся, што мы будзем падтрымліваць іх акцыі «16», «Дзень салідарнасьці», а яны — «За Свабоду». Урэшце, «зубры» прызналі, што гэта наш супольны брэнд, які аб’ядноўвае ўсіх прыхільнікаў пераменаў. Ужо ладзіліся цэлыя канцэрты «За Свабоду». Жыцьцё пацьвярджае, што гэты лёзунг будзе актуальны да той пары, пакуль мы не здабудзем тую свабоду.

«НН»: Чаму Ваша імя як аўтара гэтага праекту раней не гучала?

ВА: На гэта ёсьць цэлы шэраг прычынаў. Найперш таму, што гэта праца цэлага калектыву, а не аднаго мяне, я проста быў кіраўніком аналітычнай групы. Па‑другое, калі ня вельмі афішуеш сваю дзейнасьць, спакайней жывеш. Яшчэ я не люблю быць публічным чалавекам. Аднак цяпер вырашыў, што годзе хавацца.

«НН»: Што адчуваеце Вы як аўтар, калі бачыце на вуліцах людзей са значкамі «За Свабоду»?

ВА: Мне вельмі прыемна. Я бачу, што гэта найбольш удалы сымбаль дэмсілаў за апошнія гады, бо ранейшыя значкі не карысталіся такой папулярнасьцю.

«Мы стаім на парозе пераменаў»

«НН»: Што правільна, а што няправільна рабіла ў гэтым годзе апазыцыя?

ВА: Правільным было ўсё тое, што ня рушыла аб’яднаньня, што ішло да аб’яднаньня. Бо зараз найважнейшым зьяўляецца менавіта наша адзінства, незалежна ад поглядаў. Самая важная падзея году — гэта Вясна. Тут ёсьць некалькі меркаваньняў, я неаднаразова спрачаўся ў гэтым пытаньні з Уладзімерам Мацкевічам, які лічыць, што ў грамадзтве тады не адбылося значных зьменаў. Я ж лічу, што адбыліся якасныя зьмены ўнутры грамадзтва. Людзі сталі больш гатовымі да пераменаў і да ўдзелу ў іх. Мы зрабілі крок наперад, які не рабілі апошнія гады.

«НН»: Думаеце, людзі будуць зноў і зноў выходзіць на вуліцу?

ВА: Для гэтага патрэбны моцны зьнешні фактар кшталту выбараў. Людзі выйдуць на вуліцы, калі ўзьнікне пагроза незалежнасьці Беларусі. Без такога чыньніка вывесьці людзей на вуліцу будзе немагчыма. Вясной мы былі за пару крокаў ад перамогі. Я адчуваю, што мы стаім на парозе нейкіх пераменаў, якіх дакладна, я ня ведаю, але ўпэўнены, што яны будуць. Наша асноўная задача цяпер — не ўпусьціць магчымы шанец, не аказацца ў маргінэзе.

«Лідэра мусіць выбраць вуліца»

«НН»: Ці мусіць Мілінкевіч заставацца лідэрам апазыцыі?

ВА: Сытуацыя зь лідэрствам залежыць ад самога лідэра. Увесну Мілінкевіч паказаў, што меў вялікія шанцы стаць агульнанацыяльным, а ня выбарным лідэрам, але Мілінкевіч не скарыстаў яго. Цяпер я лічу, што ягоны шанец найхутчэй страчаны. Хаця Мілінкевіч застаецца вельмі значным аўтарытэтам, асабліва на Захадзе.

«НН»: Дык з кім мы выйдзем наступным разам на Плошчу?

ВА: Калі пачнецца новая бойка, то пытаньне лідэрства можа вырашыцца само па сабе і нечакана. Можна выбраць дзесяць лідэраў, але ніводзін ня стане правадыром. Сёньня вулічны лідэр не павінен быць абраны, яго мусіць нарадзіць вуліца. У Мілінкевіча быў момант, калі ён ішоў па Плошчы падчас мітынгу, і людзі разам крычалі: «Мілінкевіч!» Такога не было пры Ганчарыку. Трэба рэальна прызнаць, што вясной ніхто не рыхтаваў зьменаў у краіне, але калі на вуліцы аказалася 20 — 30 тысячаў чалавек, то ніводзін з бакоў ня ведаў, што рабіць у гэтай сытуацыі. Мілінкевіч ня ведаў у тым ліку. Цяпер нам патрэбная распрацаваная стратэгія, тактыка, каб ведаць, што і як рабіць. У такім выпадку шанцаў на перамогу будзе болей.

«Рэжым будзе хістацца»

«НН»: Выказваюць меркаваньне, што апазыцыі выгадна жыць на гранты, і яна ня хоча зьменаў у краіне. Што Вы можаце на гэта сказаць?

ВА: Прызнаюся, што такія людзі сапраўды існуюць. Асабліва сярод лідэраў апазыцыі другога зьвяна. Нават сярод апазыцыі ёсьць людзі, якія баяцца пераменаў, але такіх меншасьць, я б нават сказаў, што вельмі нязначны адсотак. Я перакананы, што такіх людзей увогуле няма сярод моладзі і сярод тых, хто ходзіць на акцыі.

«НН»: Што мусіць у наступным годзе рабіць апазыцыя, каб перамагчы?

ВА: Рэжым будзе хістацца. А мы мусім ціснуць на ўладу, торгаць яе ўвесь час, толькі ў такім выпадку будзем мець шанцы на перамогу. А таксама працягваць далейшае аб’яднаньне. Што датычыцца пытаньня стратэгіі і тактыкі, думаю, яно будзе прынятае на хуткім ужо Кангрэсе.

«НН»: Якую асобу і падзею 2006 году адзначылі б асабіста Вы?

ВА: Вядома, Мілінкевіча. Гэта была абсалютна новая фігура ў палітычным полі Беларусі, якая зрабіла шмат. Ён заслугоўвае званьня чалавека году. Што да падзеі, то гэта адназначна падзеі 19 — 25 сакавіка, бо гэта было нешта абсалютна новае ў беларускай гісторыі.

Вацлаў Арэшка нарадзіўся ў 1955 г. у Расеі. Дзяцінства прайшло паміж горадам Сьвярдлоўскам, дзе працаваў бацька, і вёскаю Жарабковічы ў Заходняй Беларусі, дзе жыў дзед. Гэтыя гістарычныя мясьціны вызначылі далейшую дасьледчую дзейнасьць — тэатразнаўства, гісторыя культуры й мастацтва Беларусі. Навуковыя інтарэсы: тэатральнае барока, шляхецкая культура. Перакладчык з польскай мовы.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?