Гутарка са стваральніцамі сайту для беларускамоўных бацькоў "Нашы дзеткі".

«Наша Ніва»: Як узьнікла ідэя стварэньня сайту dzietki.org?

Юлія Малахоўская: Гэта пачыналася ў розных галовах у розны час, а пасьля ўсё аб’ядналася. Асабіста я апынулася ў такой сытуацыі, калі ў мяне нарадзілася дзіця, а ні ў кога зь сяброў дзяцей яшчэ не было. Не было з кім абмяркоўваць штодзённыя праблемы. Таксама не было беларускамоўнага сайту, дзе чэрпаць патрэбную інфармацыю. Я зрабіла нейкі разгорнуты інтэрнэт‑дзёньнік, на які пазьней натрапілі Аліна Стэфановіч і Крысьціна Вітушка. Так мы знайшліся.

«НН»: Якую канцэпцыю мае ваш сайт?

КВ: Найперш, пазбавіць сацыяльнай ізаляванасьці жанчынаў з малымі дзецьмі. Па‑другое, даць інфармацыю пра сямейныя пытаньні, пра выхаваньне беларускамоўных дзетак. Ёсьць мноства падобных расейскамоўных сямейных сайтаў, але не было ніводнага беларускага.

ЮМ: Гэта і спосаб згуртаваць рэальных людзей, каб дзеці расьлі разам, ладзіць сьвяты. Ёсьць і наступная пазыцыя: на сайце рэгіструецца мама, якая піша, што жыве на той і той вуліцы у тым і тым горадзе. Пасьля гэта бачаць іншыя мамы і яны ўтвараюць сваю супольнасьць у межах нейкага раёну ці двара. З пытаньня на форуме: «Хто тут ёсьць з Горадні?» паўстала сёлетняя гарадзенская елка, якая сабрала сто чалавек.

КВ: Мы хочам, каб беларускамоўныя дзеці не пачуваліся самотнымі ў гэтым сьвеце. Калі беларускае выціснута да стану маргінальнасьці, хочацца даказаць, што мы таксама на нешта вартыя. Мы арыентуемся на сусьветныя стандарты. Хочацца, каб нашыя дзеці былі канкурэнтаздольнымі пры паступленьні ў школу і маглі выбіраць ня толькі гуманітарныя спэцыяльнасьці, але быць і матэматыкамі, фізыкамі, лекарамі. Нашы дзеці ня тое што абдзелены нейкімі вабнотамі дзяцінства, але і маюць іх нашмат болей, чым расейскамоўныя аднагодкі. У значнай ступені гэта стала магчыма дзякуючы працы сайту.

«НН»: Зь якімі праблемамі сутыкаюцца сем’і, што выхоўваюць беларускамоўных дзетак?

ЮМ: Не хапае добрых беларускіх кніжак. Нават, калі яны ёсьць, іх якасьць пакідае жадаць лепшага. Даводзіцца набываць прыгожыя расейскія кніжкі, перакладаць, а пасьля ўклейваць свой варыянт усярэдзіну і чытаць малым. Таксама амаль няма перакладных мульцікаў.

КВ: Адсутнасьць беларускамоўных садкоў. Нават калі садок і адкрываецца, потым бацькі глядзяць, што ім далёка вазіць дзяцей, і вырашаюць аддаць іх у расейскамоўны. Для нас ужо сёньня стаіць пытаньне аб наборы беларускамоўных групаў у садкі. Апроч мульцікаў ёсьць яшчэ праблема беларускамоўнага тэлебачаньня. Мы адмыслова не паказвалі свайму дзіцяці «Калыханку», але аднойчы ён яе ўбачыў. Быў вельмі ўзрадаваны гэтаму мядзьведзіку, які гаворыць па‑беларуску, але тут пачаўся расейскамоўны мульцік, якога дзіця амаль не разумее, ад чаго пачынае плакаць. Цяпер мы паказваем дзіцяці гэтага мядзьведзіка, пасьля ўключаем відэамагнітафон і паказваем мульцік, разам з тым сочым па гадзіньніку, каб пасьпець уключыць тэлевізар на разьвітаньне зь Мішкам. Што найбольш стамляе ў выхаваньні беларускамоўных дзетак — гэта вечны гераізм, калі натуральныя справы ператвараюцца ў нейкія звышвысілкі.

Крысьціна Вітушка і Юлія Малахоўская

«НН»: «Нашы дзеткі» — сайт толькі для беларускамоўных мамаў ці для татаў таксама?

КВ: Былі выпадкі, калі маладыя таты рэгістраваліся на сайце ад імя сваіх жонак. Звычайна прыходзіць мэйл: «Мая жонка хоча зарэгістравацца на вашым сайце, як гэта зрабіць?» Мы адказваем. Пасьля прыходзіць мэйл: «Атрымалася! Зараз яна нешта напіша». Часта гэта здараецца ў рэгіёнах, калі жанчыны сталі беларускамоўнымі толькі празь вялікае каханьне да свайго мужа, і гэта іх першы выхад «у сьвет». Мужчыны заходзяць на сайт з чыста мэркантыльных інтарэсаў, раздрукаваць інфармацыю, каб пасьля паказаць жонцы, даць паглядзець дзецям мульцік. Удзельнічаць у форумах — гэта не для іх.

«НН»: Якія тэмы абмяркоўваюцца на Вашым сайце?

КВ: Самыя розныя: ад цяжарнасьці да праблемы сэксу. На лінарачках людзі пішуць, што да нараджэньня дзіцяці засталося столькі і столькі дзён. Пішуць: «Ён павінен быў нарадзіцца тры дні таму». Пасьля чалавек зьнікае. Мы разумеем, што ўсё ўжо добра. А потым зьяўляецца новая лінарачка: «Міраславу 3 дні» і г.д. Абмяркоўваем, якія пампэрсы купляць дзецям, парады па здароўі, сямейны адпачынак, любімыя кавярні, дзе паставіць елку ў хаце. Ёсьць «балбаталка», дзе мы не гаворым пра нейкія там сур’ёзныя справы, а пра ўсё, што набаліць. Ёсьць рубрыкі кшталту «Прадам», «аддам», «набуду». Ёсьць дзьве тэмы для дарослых: «пра гэта» і «не пра гэта». «Пра гэта» адпаведна пра сэкс, пра сэкс па‑беларуску, сэкс і палітыка, там жа чамусьці і пра сьвякруху, пра разводы, вясельлі. Часта менавіта на гэтым форуме пасярод ночы сустракаюцца па 12—13 чалавек. Паўстае пытаньне: што ж вы робіце тут? Сышліся ў меркаваньні, што ва ўсіх рэзка пачаліся крытычныя дні ці раптоўна мужы зьехалі ў камандзіроўку. «Не пра гэта» пачаўся як разьдзел пра палітыку, але цяпер там пра ўсё, што тычыцца дарослых і ня тычыцца сэксу і сьвякрухі. Існуе разьдзел «Мова», дзе заўсёды можна запытацца, як тое ці іншае слова будзе па‑беларуску. Ёсьць схаваны форум для «вузкага кола абмежаваных людзей», далучыцца да якіх вялікі гонар. Кожны зарэгістраваны ўдзельнік можа стварыць фотагалерэю.

«НН»: Ці чакалі Вы, што за адносна кароткі час ваш сайт зробіцца такім папулярным?

ЮМ: (сьмяецца) Мы чакалі большага посьпеху! Гэта мы толькі пачынаем!

КВ: Гэта было непазьбежна. Папулярнасьць сайту вынікае з таго, што ў моладзевых арганізацыях большую частку складаюць дзяўчыны, але пасьля ў дарослых грамадзкіх, партыйных структурах дамінуюць мужчыны. Куды дзяюцца жанчыны? Яны досыць пасьпяхова выхоўваюць дзяцей. Узьнікае пытаньне: чаму б ім не падзяліцца сваім досьведам зь іншымі? Калі б гэта не стварылі мы, гэта стварыў бы нехта іншы. Наша патэнцыйная аўдыторыя складае 5 тысячаў чалавек.

«НН»: Чаго чакае сайт «Нашы дзеткі» ад наступнага году?

КВ: Рэальнага напаўненьня для ўсіх сайтаўскіх разьдзелаў, сканчэньня працы над разьдзеламі распачатымі, але яшчэ ня скончанымі. Нам трэба яшчэ некалькі чалавек, якія б маглі займацца разам зь Юляй тэхнічным бокам справы. Увогуле, мяне дзівіць: адкуль у яе хапае часу працаваць, вучыцца, гадаваць дзіця, займацца сэксам, сустракацца з намі і рабіць усё гэта пасьпяхова. Спадзяёмся, што рэальныя супольнасьці зьявяцца ня толькі ў Менску, але і ў рэгіёнах, і на эміграцыі. Ужо сёньня мы не абмяжоўваемся сайтам, але і ладзім імпрэзы для дзетак, выдаём паштоўкі і шмат чаго яшчэ робім.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?