Па-беларуску выйшаў раман-фантазія пра выбух АЭС у Германіі.

Уладзімір Папковіч.

Раман Гудрун Паўзэванг «Хмара» (Die Wolke) пераклаў Уладзімір Папковіч. Кніга была напісана аўтаркай па «гарачых слядах» пасля трагедыі ў Чарнобылі. Свет пабачыла ў 1987 годзе. Амаль праз два дзесяцігоддзі «Хмару» экранізавалі ў Германіі. Размова з перакладчыкам кнігі на беларускую.

«НН»: Чаму пераклалі кнігу сучаснай аўтаркі? Вы вядомы найперш сваімі перакладамі класічнай нямецкай літаратуры: Шылер, Гётэ, Брэхт...

Гудрун Паўзэванг нарадзілася ў 1928 годзе ў Чэхіі, горад Младкаў. Пасля Другой сусветнай вайны сям’я пераехала ў ФРГ. Гудрун стала настаўніцай і выкладала ў школах Паўднёвай Амерыкі. Напісала дзясяткі раманаў («Хмара», «Апошнія дзеці з Шэвенборна», «Плошча Фартуны»). Яе кніга «Хмара» была экранізавана ў 2006 годзе. У расійскім перакладзе стужка называецца «Облако». Жыве ў Германіі.

УП: Прызнацца, я мала перакладаў прозы, больш паэзію самых розных аўтараў і з розных моў: найбольш з нямецкай, але і з расійскай, з польскай, нават з цыганскай... Мая слабасць: думаю і раблю ўсё хутка, можна сказаць, паспешліва. У паэзіі гэта дапушчальна, таму што, як гэта ні напышліва можа гучаць, азарэнне – з’ява кароткатэрміновая, раптоўная, як маланка, успыхне і пагасне. Былі, праўда, выпадкі, калі я перакладаў і прозу: гэдээраўскую пісьменніцу Рут Крафт (раман «Востраў без маяка»), але гэта па замове выдавецтва. А Э.М. Рэмарка («Тры таварышы») я перакладаў хуткімі наскокамі, як верш, бо вельмі палюбіў яго. Што да Шылера, Гётэ, Брэхта... Усё ж класікі, а

стаць побач з класікам і папрасіць яго загаварыць на нашай мове, было хоць і страшна, але прываблівала...

Чаму цяпер выбраў твор малазнаёмай у нас пісьменніцы Гудрун Паўзэванг «Хмара»? Гэту кніжку, атрыманую мной у падарунак яшчэ ў 1989 годзе, я чытаў са студэнтамі на нямецкай мове больш за дзесяць гадоў. Яна мне не абрыдла ад гэтага. Мы па-рознаму ацэньваем мастацкія творы, не толькі літаратурныя, але і жывапіс, архітэктуру, нарэшце моду ў адзенні... На жаль, тут часта спрацоўвае феномен «голага караля». Калі ўсе хваляць, не хочацца заставацца дурнем. Гэта кніга спадабалася менавіта мне асабіста. Сваёй простай і добрай нямецкай мовай, даступнасцю зместу, актуальнасцю. Хто б мог падумаць: у 1987 годзе, калі толькі кніжка выйшла, быў яшчэ свежы Чарнобыль. Я шукаю ў памяці, хто з беларусаў напісаў твор на гэтую тэму, які скалануў бы нас усіх? Магчыма, я мала чытаў і такія творы былі. Праўда, і я запомніў надоўга апавяданне Івана Пташнікава «Львы», ад якога і сёння, калі яго гартаю, ідуць па целе дрыжыкі.

«НН»: Кніга выйшла ў Германіі ў 1987 годзе. Гэта была кніга-папярэджанне ўсяму грамадству: атамныя рэактары — небяспечныя. З таго часу мінула чвэрць стагоддзя. На шчасце, ні ў Германіі, ні дзе ў Еўропе не здарылася страшных аварый. Можа гэта кніга занадта змрочная і не звязаная з сённяшняй рэчаіснасцю?

УП: Немцы заўсёды (асабліва пасля Другой сусветнай вайны) вельмі адчувальныя наконт сацыльных пытанняў. Мы мала гаворым пра моладзевую рэвалюцыю ў Германіі канца 1960-х – пачатку 1970-х гадоў. Тады моладзь запатрабавала ад грамадства і ўладных структур канчаткова выракчыся нацысцкага мінулага, зажыць па праўдзе, даваць бой хлусні, двурушніцтву, карумпаванасці. Кіраўніцтва, палітыкі прыслухаліся, пайшлі на дэмакратызацыю грамадства. Гудрун Паўзэванг з таго пакалення і, як я адчуваю, таго настрою, з 1968-га. Менш падтакаваць уладзе, больш гаварыць, што думаеш. Не трэба думаць, што кніга толькі антыатамная. Яна антыбюракратычная, антыбюргерская (з нашым значэннем). І яна заваявала прызнанне чытачоў: да верасня 1988 года было прададзена 50 000 асаобнікаў; у 2010 годзе тыраж дасягнуў 1,5 мільёнаў асобнікаў, і

раман увайшоў у школьную праграму.

«НН»: «Хмару» чытаюць у школах. Для чаго немцам засяроджвацца на такой фантазіі?

УП: Немцы неяк умеюць так жыць, каб клапаціцца не толькі пра імгненную выгаду, але і думаюць, а што будзе, калі... Вось цытата, якую толькі што ўзяў з сайта папулярнага часопіса «Шпігель»: «Ток з атамных электрастанцый лічыцца выгадным, экалагічна чыстым і незалежным ад кароткатэрміновых ваганняў надвор’я. Аднак пытанне канчатковага складзіравання адходаў, якія выпраменьваюць звыш 100 000 гадоў, яшчэ, як і раней, адкрытае. І катастрофа на АЭС Фукусіма (немцы кажуць Фукушыма) паказвае, што страх атамнай супераварыі яшчэ не пераадолены».

Як бачна, немцы ўлічваюць і такі ірацыянальны фактар, як страх і аб’яўляюць мараторый на старыя электрастанцыі, а новых не будуюць. І шмат хто выступае за тое, каб адмовіцца ад атамных станцый увогуле. Ці ведаем мы, што думае наш народ наконт гэтага? Неяк жа будзе... Там, наверсе, лепш ведаюць. Каб жа...

Трэйлер да фільма «Воблака» (па-нямецку).

***

Уладзімір Папковіч нарадзіўся ў 1935 г. на Вілейшчыне. Паэт, перакладчык. Аўтар зборнікаў вершаў «На досвітку», «Зерне», «Самы кароткі цень», «Рэшта»... У яго перакладах з нямецкай выйшлі кнігі «Вяртанне да сябе» Ёганэса Р. Бэхера, «Закаханы вандроўнік: паэзія нямецкага рамантызму», «Тры таварышы» Рэмарка і іншыя. На нямецкую мову пераклаў «Тараса на Парнасе» Кастуся Вераніцына.

Урывак з рамана можна прачытаць тут.

Набыць кнігу можна тут.

Хмара / Гудрун Паўзэфанг / Пераклад з нямецкай Уладзіміра Папковіча. — Мінск: І. П. Логвінаў, 2011. — 160 с.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?