posterЛябірынт Фаўна (Laberinto del Fauno)

Мэксіка – Гішпанія – ЗША, 2006, каляровы, 119 хв.

Рэжысэр: Гільерма Дэль Тора

Ролі выконваюць: Арыядна Хіль, Івана Бакера, Серхі Лопез, Марыбэль Вэрду

Жанр: страшная казка, гісторыка-партызанская драма-прыпавесьць

Адзнака: 9 (з 10)

Гішпанія, 1944 год. 10-гадовая Афэлія разам зь цяжарнаю маці прыяжджае ў лягер айчыма – капітана Відаля. Капітан – злы й фанабэрысты чалавек, які вядзе бязьлітасную вайну з мясцовымі партызанамі. У закінутым лябірынце летуценная Афэлія сустракае Фаўна, які паведамляе дзяўчынцы, што яна – дачка падземнага караля. І, каб вярнуцца да бацькі, ёй трэба прайсьці магічныя выпрабаваньні.

Рэальная вайна сьплятаецца з кашмарамі лябірынту – і што здольнае супрацьпаставіць злу бязьвіннае дзіця?

posterГільерма Дэль Тора – адзін з найлепшых сёньняшніх рэжысэраў, першы казачнік-рэаліст новага стагодзьдзя. Нават ягоныя камэрцыйныя стужкі (“Мімікрыя”, “Блэйд-2”) вылучаюцца выкшталцонай культурай кадру, бездакорнымі адмысловымі эфэктамі й магіяй кінаэкрану.

Дэль Тора распрацоўвае новы жанр страшнага казачнага рэалізму, дзе фантазіі сьплятаюцца з рэальнасьцю, гісторыя неадлучаная ад містыкі, а героі (звычайна, дзеці) даюць бой сацыяльнаму й мэтафізычнаму злу. Першая спроба такога жанру – алхіміка-вампірычная прыпавесьць “Хронас”, другая – шэдэўр “Хрыбет д’ябла” пра грамадзянскую вайну ў Гішпаніі вачыма хлопчыка.

poster“Лябірынт Фаўна” працягвае традыцыі “Хрыбта”. Мэксіканец Дэль Тора пазычае й вынаходкі й Карласа Саўры часоў франкіскае дыктатуры, чые кінапрыпавесьці пра дзяцей насычаліся мэтафізычным страхам.

Але шчэ адна крыніца Дэль Тора – клясычны гішпанскі жывапіс. Ветліва-драпежны Фаўн, сьляпая пачвара з вачыма на далонях, цёмныя лябірынты ад апэратара Гільерма Навары – нагадаюць кашмары позьняга Гоі й барочную містыку.

posterЗлучво атрымалася бездакорнае: фантазіі ёсьць мэтафарай сацыяльных закалотаў, а дзіцячыя казкі насычаюцца трывогай і неспакоем.

Бязьвіннасьць мае ўладу, зло ня здольнае фантазіраваць. Але допускам у сьвет фантазій становіцца ўласная кроў – а казка становіцца настолькі страшнай, што дзецям лепей яе не глядзець.

posterКарціна – для ўдумлівых гледачоў. Гэта сапраўднае сьвята кінэматографу; ібэрыйскі шэдэўр, які рэзка вылучаецца сваёю адметнасьцю.

"Лябірынт Фаўна" намінаваны на "Оскара" за 2006 г.

Усе фільмы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?