Асаблівы шарм ёй надаваў кандыдат-пэнсіянэр Уладзімер Лапцэвіч, які ў 2001 годзе адседзеў амаль год у турме і Навінках за спробу балятавацца на прэзыдэнцкіх выбарах. Таксама тут супернічалі два кандыдаты ад Партыі БНФ. Рэпартаж Зьмітра Панкаўца.

У гэтай акрузе, якая месьціцца ў сталічным мікрараёне Ўручча, балятаваліся адразу трое кандыдатаў з дэмакратычнага лягеру. Юрыст ТБМ Павал Знавец (БСДП (Грамада)), перакладчык Андрусь Клікуноў (Партыя БНФ), а таксама 20-гадовы сьлесар Аляксандар Мыцько (Партыя БНФ).

Воляю выбарчага заканадаўства і камісій у гэтай акрузе было адразу двое прадстаўніоў Партыі БНФ, калі суседнія акругі зьяўляюцца цалкам безальтэрнатыўныя. Ад улады па 51-ай акрузе ішлі Уладзімер Сяманін, дырэктар дзяржаўнай установы “Першамайскі фізкультурна-аздараўленчы цэнтар”, а таксама прадстаўнік КПБ Уладзімер Сераштам, ён працуе намесьнікам дырэктара Унітарнага прадпрыемства “Энцыкляпэдыкс”.

Асаблівы шарм гэтай акрузе таксама надаваў пэнсіянэр Уладзімер Лапцэвіч, які ў 2001 годзе адседзеў амаль год у турме і Навінках за спробу балятавацца на прэзыдэнцкіх выбарах таго году. Пра гэта ён акуратна пісаў у сваёй выбарчай улётцы. Першым, каго я ўбачыў а сёмай вечара на ўчастку, які месьціцца ў 192-й школе, быў акурат кандыдат у дэпутаты Лапцэвіч. Ён адразу адрапартаваўся перад карэспандэнтам “НН”, што налета менавіта ён стане новым прэзыдэнтам Беларусі.

“У наступным годзе будуць абвешчаныя датэрміновыя прэзыдэнцкія выбары, на якіх пераможа Лапцэвіч, так і напішыце ў сябе ў газэце”. – вяшчаў кандыдат. Празь некалькі хвілінаў Лапцэвіч прынёс сваю перадвыбарчую ўлётку, “у якой яго паказалі поўным дурнем”, выразаўшы некалькі ключавых фразаў. Пра выпадак цэнзуры пэнсіянэр ужо “пасьпеў паведаміць у амэрыканскую амбасаду”.

З выбарчага ўчастку Лапцэвіч быў вытураны агульнымі намаганьнямі толькі за пяць хвілінаў да сканчэньня галасаваньня. Старшыня выбарчага ўчастку, вайсковец Барыс Мялёхін няспынна паўтараў у мой бок: “Ты пішы, сынок, пра мяне. Толькі ўсю праўду пішы. Я чалавек незаангажаваны, ты бачыш, што я нават не падыходжу да камісіі, я толькі назіраў. Мне бяз розьнцы, хто менавіта пераможа, галоўнае – каб быў парадак”. Увесь час Мялёхін спрабаваў падрэсьліць сваю апалітычнасьць.

Апроч мяне на ўчастку таксама было яшчэ двое назіральнікаў. Абодва пэнсійнага ўзросту – вэтэран вайны Валянціна Фёдараўна, якая ганарылася, што летась сабрала за Лукашэнку “ў бээнэфаўскім Уруччы” 1200 подпісаў, а таксама няўрымсьлівы камуніст Антонавіч, які праз кожныя дваццаць хвілінаў спрабаваў праверыць, ці на месцы плёмбы на выбарчых скрынях. У ягоным нататніку насупраць прозьвішча Клікуноў было запісана: “Сябар ЛДПБ. Пасьлядоўнік Жырыноўскага”.

Падлік галасоў рабіўся ў адпаведнасьці з заканадаўствам. Спачатку была адплямбаваная скрыня для датэрміновага галасаваньня, пасьля галасаваньне ў хатніх умовах і толькі потым асноўнае галасаваньне. Трэба адзначыць, што больш 20 % выбарцаў гэтага ўчастку аддалі свае галасы датэрмінова. Барыс Мялёхін адзначаў, што “ў яго на ўчастку ўсе бюлетэні абазначаны чырвоным і зялёным атрамантам, каб не было фальсыфікацыяў. На прэзыдэнцкіх выбарах нам падкінулі 100 фальшывых бюлетэняў, аж я іх адразу пазнаў, бо капіявалі іх на чорна-белым ксэраксе”.

Адразу пасьля пачатку падліку галасоў стала бачна, як расьце ўгору стос галасоў, аддадзеных за Уладзімера Сіманіна. Аляксандар Мыцько ў датэрміновым галасаваньні атрымаў толькі адзін голас. “Пэўна, сам за сябе прагаласаваў”, – жартавалі сябры камісіі.

Галасоў тых, хто прагаласаваў дома, было ня так і шмат, каля дваццаці, зь імі камісія разабралася за пару хвілінаў. Надышла чарга за падлікам галасоў асноўнага галасаваньня. Адразу склалася ўражаньне, што такіх бюлетэняў ня значна болей за датэрміновых.

Яшчэ падчас падліку галасоў Барыс Мялёхін паведаміў, што агульная яўка выбарцаў склала толькі 55 % . (Па папярэдняй інфармацыі яўка ў цэлым па акрузе была яшчэ меншай, каля 51 %).

Сябры камісіі шушукаліся між сабой: “Сіманін! Ізноў Сіманін! Хто зьбірае галасы за Сіманіна? Я ж таксама галасавала за яго. А вы?”. Нейкі час актыўна стала чуваць прозьвішча Клікунова. Думалася, што і Андрусь здольны набраць троху галасоў, аднак... вынікі аказаліся абсалютна несуцешнымі для апазыцыйных кандыдатаў.

Уладзімер Сіманін на ўчастку атрымаў перамогу, за яго прагаласавала 811 чалавек, на другім мсцы аказаўся Знавец – 170, далей ішлі Сераштам – 148, Лапцэвіч – 58, Клікуноў – 55, Мыцько – 7. Падлік скончыўся а 21:05.

Наглядальнік ад камуністаў у душах выгукнуў: “Я так і знаў, што пераможа гэты сабакавод”. Чаму сабакавод, заптаўся я. “А ў ягонай праграме пра сабак больш, чым пра людзей”, – адзначыў Антонавіч.

Па выхадзе з участку мяне сустрэў Уладзімер Лапцэвіч, які запытаўся: “Я перамог”? Я адмоўна пахітаў галавой. “Так і ведаў, што выбары сфальсыфікуюць”, – сумна адзначыў пэнсіянэр.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?