Бясплатны праезд для студэнтаў і навучэнцаў у Мінску да лета захаваецца, мяркуе прадстаўнік Мінгарвыканкама.

«Паводле маёй інфармацыі, студэнты і навучэнцы ў Мінску, прынамсі, да лета будуць ездзіць у грамадскім транспарце бясплатна», — заявіў 28 снежня на прэс-канферэнцыі начальнік упраўлення антыманапольнай і цэнавай палітыкі Мінгарвыканкама Сяргей Міцянскі.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што ўпраўленне, якое ён узначальвае, «не займаецца гэтым пытаннем». «Таму дакладнай інфармацыі я вам даць не магу. Гэта вырашае кіраўніцтва Мінгарвыканкама і «Мінсктранс», — патлумачыў спецыяліст.

Паводле слоў Міцянскага, на гэты момант тарыф на праезд у грамадскім транспарце насельніцтва кампенсуе на 44%, бюджэтнае субсідаванне — на 56%.

Ён паведаміў, што прадпрыемствы «Мінсктранс» і «Сталічны транспарт і сувязь» выходзілі з прапановай аб чарговым павышэнні тарыфаў, пытанне разглядалася ў Мінгарвыканкаме і ў Мінэканомікі. «Пытанне пакуль вырашаецца», — удакладніў Міцянскі.

Нагадаем, 1 лістапада тарыф на праезд у грамадскім транспарце Мінска павышаны з 950 да 1.300 рублёў за адну паездку. Рашэнне аб бясплатным праездзе для мінскіх студэнтаў і навучэнцаў было прынята 13 верасня.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?