На лаве падсудных. Злева направа: Мікалай Дзядок, Аляксандр Францкевіч і Ігар Аліневіч.

На лаве падсудных. Злева направа: Мікалай Дзядок, Аляксандр Францкевіч і Ігар Аліневіч.

Жонка Мікалая Дзядка Валерыя паведаміла, што да мужа ў студзені прыязджалі супрацоўнікі ГУБАЗ. Сярод іх быў Аляксандр Ліцвінскі, які «кіраваў зачысткай анархістаў і іншых актывістаў восенню 2010 года».

«Прыехалі, каб запытацца, ці змяніў Мікола за час зняволення свае перакананні. Ён адказаў адмоўна, на што супрацоўнікі пачалі пагражаць, што нават калі ён вызваліцца, доўга на свабодзе ён не застанецца. І пры жаданні яны яго згнаяць у турме. Таксама яны лічаць, што муж нібыта быў лідарам анархістаў, бо за час яго зняволення не было акцый анархістаў, якія маглі б іх зацікавіць. Відаць, яны так і не зразумелі, што ў анархістаў няма лідараў», — сказала Валерыя.

Мікалай Дзядок даслаў ліст і ў Рэдакцыю. У сваім допісе, праўда, «шмат чаго не напішаш, прынамсі, самае цікавае і галоўнае».

«Працую ў цэху металаапрацоўкі. Не сказаў бы, каб праца была цяжкая. Але шум і пыл, канечне, здароўя не дадаюць. Акрамя працы, на дзень адбываюцца тры праверкі. Агулам 40—50 хвілін праводжу на вуліцы».

У вольны час вязень адказвае на лісты, «вучу гісторыю, англійскую мову, вучуся маляваць.
Шмат чытаю самай рознай літаратуры, акрамя бязглуздых дэтэктываў альбо раманаў. Бібліятэка тут нядрэнная. Ёсць і некалькі паліц з беларускай літаратурай».

Палітвязень піша, што ў калоніі не сустракаў заўзятых прыхільнікаў дзеючай улады. «А пасля крызісу і абыякавых стала меней». А апазіцыйным актывістам раіць «ад самага пачатку сваёй дзейнасці пачынаць рыхтаваць сябе да магчымага зняволення. Гэта рэчаіснасць. Баяцца гэтага не трэба».

Ліст палітвязня напісаны па-беларуску. «Але ў беларускай тут практыкавацца няма з кім».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?