15 мая мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, патрыяршы экзарх усяе Беларусі падпісаў указ аб забароне ў свяшчэннаслужэнні клірыка Свята‑Пакроўскага прыхода Мінска, святара Аляксандра Шрамко і залічыў яго за штат да раскаяння.

Такім чынам, уладыка Філарэт зацвердзіў рэкамендацыю царкоўнага суда, пасяджэнне якога адбылося 10 мая пад старшынствам благачыннага Мінскай акругі і настаяцеля Свята‑Духава кафедральнага сабора, пратаіерэя Генадзя Дзічкоўскага. Суд рэкамендаваў мітрапаліту забараніць А.Шрамко служэнне за тое, што ён без царкоўнага благаславення 25 красавіка ўдзельнічаў у прэс‑канферэнцыі арганізатараў кампаніі па абароне правоў на свабоду сумлення і рабіў публічныя заявы, якія супярэчаць афіцыйнай пазіцыі Беларускай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхата. У 1980 годзе А.Шрамко скончыў факультэт фізікі і электронікі Беларускага дзяржуніверсітэта, а з 1994 года служыў у Беларускай праваслаўнай царкве.

Выступаючы на прэс‑канферэнцыі 25 красавіка, А.Шрамко падкрэсліў, што хрысціяне пазбаўлены законнай магчымасці збірацца па дамах для чытання Бібліі і малітваў, а таксама сутыкнуліся з вялікімі перашкодамі ў дзейнасці нядзельных школ. Паводле яго слоў, закон абмяжоўвае дзейнасць найбольш актыўных праваслаўных прыходаў, якія хочуць займацца місіянерскай дзейнасцю і пашыраць свой уплыў у грамадстве.

Арганізатары кампаніі, якая пачалася ў краіне 22 красавіка, разлічваюць сабраць не менш чым 50 тысяч подпісаў пад адкрытым зваротам да кіраўніка дзяржавы, Канстытуцыйнага суда, Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу з заклікам прывесці ў адпаведнасць з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь закон «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях», які дзейнічае з канца 2002 года.

Артыкул "НН" аб царкоўным судзе, на якім было "рэкамэндавана" пазбавіць айца А. Шрaмка сьвятарскага сану.

Стэнаграма онлайн-канфэрэнцыі з Аляксандрам Шрамком

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?