Прыняты Палатай прадстаўнікоў у другім чытанні законапраект аб вышэйшай адукацыі захоўвае сістэму размеркавання для выпускнікоў ВНУ.

Аб гэтым паведаміў старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры, навуцы і навукова‑тэхнічнаму прагрэсу Уладзімір Здановіч 15 чэрвеня на прэс‑канферэнцыі ў парламенце.

«Лічу, што мы зрабілі вельмі правільна. Сёння галоўнае для нашых выпускнікоў ВНУ — атрымаць работу», — адзначыў дэпутат. Раней гэта праблема не была такой вострай, таму што было менш выпускнікоў ВНУ. Сёння ў Беларусі налічваецца прыблізна 397 тыс. студэнтаў. Гэта значыць, што ў бліжэйшыя гады ўзнікне праблема іх працаўладкавання. Таму на тых, хто вучыцца за бюджэтныя сродкі, распаўсюджваецца сістэма абавязковага размеркавання і гарантыя працаўладкавання, падкрэсліў Уладзімір Здановіч.

Прадугледжваецца абавязковая адпрацоўка па размеркаванню на працягу двух гадоў. Пры няяўцы на месца размеркавання выпускнік павінен будзе кампенсаваць расходы дзяржавы, затрачаныя на яго навучанне. Аднак паралельна дзейнічае пастанова Саўміна, дзе пералічаны прычыны, па якіх выпускнік можа не адпрацоўваць гэты тэрмін. Сярод іх, напрыклад, хвароба або выбранне на высокую пасаду. «Дзяржава даволі лаяльна ставіцца да гэтага, і сёння 5‑6 працэнтаў выпускнікоў па ўважлівай прычыне не працуюць па размеркаванню», — паведаміў старшыня парламенцкай камісіі.

Дэпутат таксама дадаў, што згодна з законапраектам атрыманне дыплома магістра не вызваляе ад размеркавання.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?