Лад, 21.55

Пад покрывам нябёсаў

АНТ, 23.45

Прытулак зла (Обитель зла / Resident Evil) Фільмы жахаў. Энцыкляпэдыя самага страшнага

Нямеччына – ЗША – Францыя – Вялікабрытанія, 2002, каляровы, 100 хв.

Рэжысэр: Пол У.С. Андэрсан, Крыс Гоўз

Ролі выконваюць: Міла Ёвавіч, Мішэль Радрыгез, Эрык Мабіўс, Джэймз П'юрфой, Марцін Крэўэс, Колін Салман, Раян МакКласкі, Оскар Пірс, Індра Овэ (Indra Ové), Ганна Болт (Anna Bolt) і інш.

Прэміі, фэстывалі: Намінаваны на прэмію "Сатурн" (найлепшая актрыса – Міла Ёвовіч; найлепшы фільм жахаў); "Нямецкую прэмію камэры" (найлепшы мантаж –Аляксандар Бэрнэр); вылучаны на прэмію "Залатога трэйлера (намінацыя за найарыгінальнасьць)

Жанр: Фантастычны зомбі-баявік, трымценьнік-пачварыньнік

Адзнака: 7 (з 10)

У сакрэтнай падземнай лябараторыі, на волю вырываецца небясьпечны вірус. Кампутар "Чырвоная Каралева" запячатвае выхады й зьнішчае пэрсанал. Агент (Міла Ёвавіч), якая пакутуе на страту памяці, далучаецца да адмысловага атраду, што спускаецца ў бункер. Лябараторыя аж кішыць жывёламі-мутантамі і платажэрнымі зомбі, у якіх вірус пераўтварае людзей.

Карціна "Прытулак зла" пастаўленая па аднайменнай відэагульні, напісанай у жанры "horror survive" (перажыць жах). Гульня гэтая сталася надзвычай пасьпяховай, разышлася накладам более за 16 млн копій і вытрымала некалькі працягаў. Стваральнік яе, Шынджы Мікамі, натхняўся фільмамі Джорджа Рамэра. У сваю чаргу Рамэра зрабіў рэклямныя ролікі для другой аркаднай часткі "Прытулку зла" (не паказаныя ў ЗША з-за цэнзурных меркаваньняў).

Спачатку клясыка зомбі-жахаў запрасілі на фільм, як сцэнарыста й рэжысэра, але потым Рамэра, які не забывае ў сваіх творах пра жорсткую сацыяльную крытыку (і тоны разарваных целаў) – выставілі "з-за непераадольных творчых разыходжаньняў". На праекце мусіў быць і актор Брус Кэмпбэл (культавая зорка “Злобных мерцьвякоў), але й ён так і не зьявіўся.

Рэжысэрам стаўся Пол Андэрсан, які раней экранізаваў гульню "Сьмяротны бой 1, 2" і быў вялікім аматарам "Прытулку…". Што да адпаведнасьці першакрыніцам, то гульцы-заўзятары адзначаюць, што фільм дакладна ўвасабляе нэрвова-апакаліптычную атмасфэру арыгіналу.

Што да кіно, то Пол Андэрсан граматна ўжывае жанравыя цытаты: прамень-забойца з "Кубу", баявыя палёты ў рапідзе – з "Матрыцы", касьцюм гераіні (і яна сама) – зь "Пятага элемэнту", не гаворачы ўжо пра "Досьвіткі…" і "Дзень жывых мерцьвякоў". Дзеяньне натхняецца тэхнаэстэтыкай “Чужынцаў” – з блуканьнем па футурыстычных калідорах і атакамі пачвараў.

Але, калі зомбі ў стужцы “традыцыйныя”, то мутанты нечаканыя, чырвона-сьлізкія, страхоцьцезьменлівыя. Мутант Лізун (дробная пачварка ў відэагульні) пераўтворыцца ў нешта брыдка-языкастае і мясное, а фантасмагарычныя сабакі бяз скуры – творчая вынаходка, створаная “ўжывую” з дапамогаю кісялю.

Музычнае суправаджэньне карціны забясьпечылі Марка Бэльтрамі, "Рамштайн" і enfant terrible рок-музыкі Мэрылін Мэнсан, так што гукавая атмасфэра фільму змрочна-дынамічная, напружаная, зомбі-электронная.

Калі раней фільмы спараджалі кампутарныя гульні, то з канца 90-ых гульні самі сталіся экранізаванымі (“Doom”, “Дом мёртвых”) …і нежывымі.

Але “Прытулак зла” – удалы жанравы кінатвор.

Усе фільмы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?