Нарыс Валянціны Доўнар.

Пра такiх мужоў — непiтушчых, бясконца працавiтых, добрых — мiльёны жанчын толькi мараць, а Наталька — мела.

Шторанiчкi ён уставаў першым, рабiў сняданак i падаваў ёй — на стол альбо ў ложак.

I вечарам менавiта па iм звяраўся гадзiннiк: роўна а палове шостай ён вяртаўся з адной работы i адразу браўся за другую — гатаваў вячэру, прыбiраў, мыў, прасаваў, майстраваў... З адною мэтаю, каб жонка, прыйшоўшы, магла адпачыць — разам з iм, абняўшыся, пасядзець на канапе перад тэлевiзарам альбо перад сном пагуляць, прайсцiся па вулiцах.

Гэта, праўда, яму падабалася менш, бо яна там вельмi любiла збочваць, заходзiць ва ўсе магазiны. Але прамтаварных — паблiзу не было, на прадуктовыя грошай хапала, i яны амаль не сварылiся...

А потым у iх з’явiлася дзiця. I ён — з тае радасцi — гатоў быў наогул не есцi, не спаць, толькi б жонка не стамлялася, толькi б кармiла малое сваiм малаком, толькi б лiшнi раз не злавала. Па вялiкiм рахунку — не было ж на тое прычын: усе «практычна здаровыя», кватэра, хоць чужая i маленькая, але ж цёплая i ёсць, халадзiльнiк нiколi не пусты...

Жонка, аднак, падставы знаходзiла. Па‑першае, папаўнела падчас цяжарнасцi i ў норму (?) прыйсцi нiяк не магла; футра на зiму не мела, нудзела, што боты адны... Як быццам, можна абуць iх, адначасова, двое цi трое.

Але ж у суседкi — былi...

I машына ў той была. I мэбля дарагая, i на стале вялiзная ваза з фруктамi. Нават — сярод зiмы.

— Во гэта — муж, во ён — зарабляе, — пiлавала свайго Наталька.

Ён, канешне, крыўдзiўся, перажываў, думаў нават змянiць работу. Але ж не маленькi ўжо, не дурны, «у разведку» хадзiў і ўсюды ў вочы лезла адно: кожны з работадаўцаў стараецца выцягнуць з чалавека як мага больш, а заплацiць — менш: сацыялiзм скончыўся.

А яшчэ ён бачыў i чуў, як «лопаюцца» фiрмы i фiрмачкi, як людзi застаюцца «за бортам». Ён баяўся.

Да таго ж на гэтай рабоце яму, хоць не шмат, ды стабiльна плацiлi: грошай хапала — на кватэру, на ежу, на нейкiя сцiплыя абновы, прысмакi для малой...

А цацкi ён адусюль ёй прыносiў: дзiўны каменьчык ля прыпынку падабраў, плоскiх драўляных кружочкаў на рабоце нарэзаў (малая з iх сцежачкi рабiла), змяюку i чорцiка ў парку знайшоў, дзьмухаўцоў мог нарваць ля пад’езда... Кацяня прынёс... З паламаным хвосцiкам...

Жонка крыкам крычала, казала, што, калi заводзiць каго з жывёлiн, то толькi пародзiстага. А калека (?) iм нахалеру?!

Ён спрабаваў расказаць, што кацянят чацвёра было i траiх забралi... А гэты ж разумны. I прыгожы — з дачкой яны пасябруюць.

Наталька ж яго даводзiла, што зусiм не гэта патрэбна дзiцяцi — яно, беднае, нiводнага ананаса за зiмку не з’ела, нiводнай iгрушы. Тады як iншыя...

Пакуль яна крычала, ён апрануў малую, пад крысо пiнжака пасадзiў катка i яны падалiся на вулiцу — гуляць.

Жонка таксама падалася — назаўтра, у суд з заявай на развод.

Пасля яго, таго разводу, (i нават у хуткасцi) у яе з’явiўся першы бой‑фрэнд (хахаль, сужыцель...), потым яшчэ i яшчэ.

За аднаго — яна нават замуж збiралася: старэйшы на 12 гадоў, двое дзяцей, жанаты, але пры грашах... Са здымнай кватэры на ўскраiне ён перавёз iх у такую ж здымную, але ў цэнтры, новы тэлевiзар купiў, на тыдзень звазiў на Нарач...

Але ж самадур быў — i тое яму не так, i гэта не гэтак, капейкi лiшняй не патраць, слова не скажы, шкарпэткi здымi...

Ледзь «развязалася» — сплочваць прыйшлося ўсё, што патрацiў — на тэлевiзар, паездку, жытло...

Вось тады i рашыла: кропка, больш — «нiякай галоты, нiякiх крахабораў». Калi звязвацца з кiм, то з чалавекам, якi ўжо адбыўся, на ногi стаў, можа забяспечыць... З тым, хто прыедзе на белым «Мерседэсе» i павязе.

...Не дарэчы... Напэўна, зусiм...

Да смяротнага пакарання прыгавораны нядаўна Аляксандр С. Як нi дзiка гэта гучыць — наш зямляк, мiлiцыянер i серыйны забойца. Сярод яго ахвяраў (светлай памяцi!) Алена Б. (21 год), Святлана П. (31...), Людмiла К. (18...), iншыя маладыя i маладзенькiя дзяўчаткi, жанчыны. Першую ён задушыў яе ж халатам, аблiў дызпалiвам i падпалiў, на шыi другой зацягнуў вяроўку, цела скiнуў у Нёман...

Яшчэ ў гiсторыях злачынстваў была пятля з тэлевiзiйнага кабеля, троса, нават ліфчыка...

Што адметна — гвалтам ён браў асобных. Астатнiя (не суджу... Божа баранi! — Аўт.) — самi адчынялi яму дзверы, самi садзiлiся ў светлы «Мерседэс», ехалi на прыроду, на рэчку, у лес...

Каб, як мiнiмум, прыемна правесцi час з прыгожым мужчынам — пасядзець, выпiць...

Як максiмум...

Вабiць, захапляе прыгожае, багатае жыццё. На бляск яго, як матылькi, iмкнуцца маладзiцы, i гiнуць, дзякаваць Богу, не ўсе. Усе (амаль) — апякаюцца, застаюцца потым без крылаў...

Цi яны не патрэбны? Калi ёсць «Мерседэс»?

Р.S. Трэцяга дня былi ў кафэ — палуднавалi з сяброўкай.

Побач, за суседнiм столiкам сядзелi мужчыны. Двое... Досыць добра падпiўшы. I з тых, што «ўжо адбылiся»: гадоў пад сорак абодвум — у прыгожым адзеннi, з крутымi «мабiламi», залатымi «ланцугамi». Гаварылi гучна. Пра «баб»:

— Дай... Дай... А я не дойная карова! — даводзiў адзiн. — Мне грошай нiхто задарма не дае!

— I мая... На шыю села, ногi звесiла i думае што — паганяць? — падцягваў яму другi.

...Вы хацелi б, каб гэтак — пра вас? Я — не.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?