Культура13

Беларускія 90-я. Рок адусюль, беларуская мова, бчб на БТ — якім быў шоўбіз і тагачасныя медыя?

Немагчыма ахапіць у адным тэксце цэлае дзесяцігоддзе, але разам са сведкамі эпохі мы згадаем найбольш яркія падзеі і персон, якія задавалі часу рытм і пісалі гісторыю. Ззянне рок-зорак, шалёныя фестывалі, беларускамоўнае тэлебачанне, «Музычная газета» і прарыўное радыё «101.2» — пра гэта і не толькі ў нашым аглядзе.

Рок як жанр эпохі

Музычныя крытыкі і журналісты называюць 90-ыя рэвалюцыйным часам для беларускай музыкі, перыядам яркіх эксперыментаў і стартам айчыннага шоўбізу здаровага чалавека. Незалежны рок пачаў выходзіць з падполля яшчэ ў 80-ыя пры СССР і тут разгарнуўся напоўніцу, стаўшы галоўным жанрам эпохі. Рок адпавядаў часу сваім настроем: такі ж шматслойны і свабодны, як краіна, якая змагла пачаць дыхаць напоўніцу пасля атрымання незалежнасці. 

«Калі быць больш дакладным, 90-ыя — неаднародныя, гэта нібыта было два ў адным, — заўважае музыка і журналіст Віктар Сямашка. — У гісторыі нашай музыкі (і культуры наогул) гэты перыяд можна падзяліць роўна напалам: па-першае, 1990-1995 гады — другая фаза Адраджэння, крэатыўнай рэвалюцыі, культурніцкага выбуху, які стартануў яшчэ ў 1985-м. Па-другое, 1995-2000 гады — час рэваншу, умацавання дыктатуры і, адпаведна, пашырэння цэнзуры і паступовага задушэння, выціскання ўсяго жывога, кульмінацыю чаго мы назіраем сёння.

Агульная беднасць ў 90-ыя кампенсавалася крэатывам і энтузіязмам. І акурат абвяшчэнне незалежнасці ўзняла чарговую хвалю авангарду: «Князь Мышкін» (першапачаткова «1991»), «Солнцецветы», «Нейра Дзюбель», Ы.Ы.Ы. Узніклі першыя праекты Сяргея Пукста і Аляксандра Ліберзона… Важны момант: паралельна актыўнічала першая плыня выключна (!) беларускамоўнага року». 

Вось толькі некаторыя рок-праекты, якія заззялі ў гэты адрэзак часу і мелі ўплыў на вялікую аўдыторыю слухачоў і прыхільнікаў. 

Група «Мроя», якая з'явілася ў 1981-м, у 1994-м перарадзілася ў «Незалежую Рэспубліку Мроя» (N.R.M.). Гурт змяніў імідж і гучанне на больш актуальныя, стаўшы адным з вядучых калектываў на беларускай сцэне. «N.R.M выконвалі ролю нашай беларускай Nirvana. І музыкі былі вельмі адкрытыя: напрыклад, гралі са сваімі прыхільнікамі ў лесе ў партызанаў, з імі можна было патусавацца, выпіць піва. Яны былі суперзоркі, але побач з намі», — згадвае пісьменніца і журналістка Таццяна Заміроўская.

Фотасесія N.R.M. Фота: lavonvolski.com

Датай заснавання Neuro Dubel лічыцца 1989 год, але менавіта ў 90-ыя яны сабралі галоўныя вяршкі славы, атрымаўшы рок-карону культавага фестывалю «Рок-каранацыя».

Тое самае можна сказаць і пра ULIS, якія выпускалі альбомы па-беларуску, па якасці гучання нічым не саступаючы замежным гуртам. І пра англамоўных «металістаў» Gods Tower, якія трапілі ў абойму найбольш вядомых у свеце гуртоў у сваім унікальным жанры — Pagan Heavy Metal. Музыкі дзялілі сцэну з Cannibal Corpse, а ў 2000-м узялі ўдзел у найбуйнейшым еўрапейскім музычным фестывалі Sziget. А гітарыст групы Аляксандр Уракаў валодаў унікальнай тэхнікай выканання: гукі яго гітары нагадвалі валынку.

Ulis выконвае песню «Радыё Свабода» на дабрачынным канцэрце, прысвечаным угодкам БНР, — ён трансляваўся на беларускім тэлебачанні. 

90-ыя былі часам станаўлення «Ляпіса Трубяцкога», які пасля «Песняроў» здзейсніў магутны прарыў і выйшаў за межы беларускага рынку.

 

На базе гурта «Рокіс» у 1991-м з’яўляецца «Крама» са сваім цягучым, як мёд, блюз-рокам. «Беларускамоўны гурт перамагаў не толькі на беларускіх фэстах: у 1994-м «Крама» ўзяла першае месца на «Пакаленні» ў Маскве, выйгравала «Басовішча».

«Крама» на «Пакаленні» ў 1994 годзе

У іх былі прапановы кантрактаў з Вялікабрытаніі і Польшчы — было ўсё для замежнага поспеху, але вось заўжды нешта перашкаджала», — расказвае стваральнік Tuzinfm.by, кіраўнік Беларускай рады культуры Сяргей Будкін. Дарэчы, удзельнікі «Крамы» таксама сталі першымі айчыннымі рок-каралямі.

Атрыманая незалежнасць спрыяла эксперыментам і перазагрузкам у фольку. «Песняры» ў свой час пераклалі яго на бітавыя, рок-н-рольныя матывы, а ў 90-х туды ўжо дадавалі электроніку — чаго толькі варты «Палац» з іх фолк-мадэрнам, а пазней і KRIWI з нью-фолкам. Атмасферу разняволенасці і крэатыўнасці таго часу добра бачна па выступе «Палаца» ў 1993-м годзе ў тэлеперадачы «Рок-айленд»: народную кампазіцыю «Русалкі» ў адзін момант разбаўляе рэпам на англійскай мове Зміцер Вайцюшкевіч.

Балючыя песні яркага «Новага неба», заснаванага Касяй Камоцкай (якая два гады запар станавілася рок-князёўнай), запісаныя напярэдадні рэферэндуму-1996 (напрыклад, «Прэзідэнт, ідзі дамоў!»), актуальныя і на сёння.

Працягнула ў 90-ыя сваю дзейнасць і адметная арт-супольнасць «Беларускі клімат», дзе паядналіся не толькі музыкі (шмат у чым менавіта яны задавалі тон электроннай музыцы), але і фатографы, скульптары, паэты, перформеры. 

«Менавіта з «Клімату» выйшаў бубнарскі гурт Drum Ecstasy, электроншчык Валік Грышко, экстравагантны бард і паэт Дзмітрый Строцаў», — дадае Віктар Сямашка.

А з яшчэ аднаго авангарднага руху — Бум-Бам-Літ, паўсталым ў 1995-м — выйшаў цэлы шэраг перформ-груп: «Тэатр псіхічнай неўраўнаважанасці», «Спецбрыгада афрыканскіх братоў», літаратурная суполка Sсhmerzwerk. Зміцер Вішнёў, Альгерд Бахарэвіч, Віктар Жыбуль, Серж Мінскевіч — толькі частка вядомых імёнаў, якія тварылі тады на мяжы розных відаў мастацтва (сам пісьменнік Альгерд Бахарэвіч тады спяваў ва ўласным панк-гурце з красамоўнай назвай «Правакацыя»).

Падчас выступу «Правакацыі», з архіву Мікалая Паляжаева.

Згадвае аўтарка культавай для 90-х і нулявых «Музычнай газеты» Таццяна Заміроўская:

«Я пачала цікавіцца беларускай музыкай акурат недзе пасля таго, як Беларусь атрымала незалежнасць. Я была падлеткам, які шукаў сябе, і з брытанскай музыкай ідэнтэфікавацца было складана: я ж там не жыву. Тое самае з расійскім рокам. А тут раптам я даведваюся пра гурты N.R.M., ULIS, Neuro Dubel і разумею — вось яно, пра нас, гэта мы! Было класнае адчуванне, што я знайшла тых, хто спявае пра тое, што адбываецца побач. Таму агулам для мяне беларускі рок 90-х быў пра самавызначэнне, пра пошук новай беларускай айдэнтыкі».

Прагрэсіўныя «Песняры» і хатнія запісы касет

Уладзімір Мулявін, Віцебск, 1993 ці 1994 год. Фота: Міхаіл Маруга

Ідэалагічна вывераныя вакальна-інструментальныя ансамблі пры гэтым паступова сыходзяць у нябыт, бо робяцца незапатрабаванымі. З тых, хто змог застацца на хвалі актуальнасці, вылучаюцца «Песняры». Іх культавы «Вянок» на вершы Максіма Багдановіча прэзентуецца ў ЗША: гучаць «Пагоня», «Слуцкія ткачыхі». «Што можа быць горшым за тое, калі на радзіме не патрэбная «Пагоня»», — скажа ў адным з інтэрв’ю Уладзімір Мулявін 

Праз колькі год, у 1997-м, маладыя музыкі выкажуць рэспект «Песнярам», выдаўшы першы беларускі трыб’ют — «Песнярок». Яго прэзентуюць у парку Янкі Купалы, і хэдлайнерамі на канцэрце будуць самі натхняльнікі. 

А ўжо праз год сам Мулявін на фестывалі «Рок-каранацыя» ўручыць рок-карону пераможцам — Аляксандру Кулінковічу і Neuro Dubel. Разам з імі пясняр выканае на сцэне панк-версію песні «Волагда».

Прагрэсіўнасць «Песняроў» на гэтым далёка не сканчваецца. Як адзначае Сяргей Будкін, менавіта іх можна лічыць аўтарамі першага беларускага альбома, які быў выдадзены на CD: гаворка ідзе пра кружэлку «Песняры-25», запісаную і выдадзеную ў Амстэрдаме ў 1994-м.

Агулам з запісамі справы ішлі цяжка: нават у 1999 годзе большасць альтэрнатыўнай музыкі выдавалася на касетах. Як музыкі выкручваліся з тым, каб захаваць і памножыць свой матэрыял ў хатніх умовах, выдатна ілюструецца ў кнізе «Велізарны цень боскага чарвяка», прысвечанай гісторыі Neuro Dubel. 

«Гэта быў бабінавы магнітафон. Трэба было своечасова націснуць на кнопку, каб усё было роўненька і плаўненька. Па 10-20 разоў прыходзілася бабіну перамотваць. Пісалі вечарамі пасля працы, часам ноччу… У час ночы пазваніла суседка. А мы з Юрам (Навумавым. — НН) толькі ў шал увайшлі. Я з ёй дамовіўся па-суседску, што мы яшчэ адну песенку запішам, толькі шэптам. Калі я вярнуўся ў пакой, то патлумачыў умовы нашай дамоўленасці. Так на «Бітве» (альбом «Бітва на матацыклах». — НН) з’явілася песня пад назвай «Песня шэптам». 

Сяргей Будкін, які сам у свой час граў у гурце «Аналіз» (пазней — Siver), расказвае: «Гэта зараз музыкі могуць пры дапамозе камп’ютара і пры разуменні пэўных праграм, седзячы дома, запісаць альбом някепскай якасці. Тады ўсё залежала ад здольнасцяў і тэхнічных талентаў. Мы самі ставілі два магнітафоны і так спрабавалі нешта запісаць-накласці — гэта было сапраўды складана, таму і далёка не кожны мог зафіксаваць сваю творчасць. Усё мянялася, калі артысты дасягалі заўважнага ўзроўню. Так, яшчэ ў 1989-м запісваць альбом «Дваццаць восьмая зорка» «Мроі» на вініле спецыяльна з Масквы прыехала прафесійная перасоўная студыя «Мелодыя». Там жа на вініле выпусцілі альбом ULIS «Чужаніца» — на той момант такі ўзровень быў неперасягальным». 

Ужо ў сярэдзіне 90-х пачалі, як грыбы, расці і абсталёўвацца незалежныя беларускія студыі гуказапісу. Самай крутой пэўны час лічылася мазырская, заснаваная гуртом «Отражение» (да прыкладу, у ёй запісваліся Camerata і «Троіца»).

У незалежным музычным асяроддзі ў канцы 90-х выдалі CD-складанку альтэрнатыўнай музыкі з чапляльнай назвай «Вольныя танцы», але яго наклад друкаваўся ў Ізраілі.

«Народны альбом» — адна з галоўных падзей 90-х»

Асобным радком трэба згадаць выданне ў 1997 годзе «Народнага альбома» — праекта, задуманага Міхалам Анемпадыставым, які напісаў для яго вершы, а Лявон Вольскі (і часткова Кася Камоцкая) — музыку. Мюзікл з 27 трэкаў, які апавядае гісторыю невялікага горада ў Заходняй Беларусі ў 30-я гады, і сёння лічыцца шэдэўрам беларускай музыкі. Па прызнанні саміх музыкаў, якія ўдзельнічалі ў запісе, яны толькі праз пару год пасля выхаду праекта асэнсавалі яго культурніцую вагу і тую вяршыню, якую ўзялі калектыўна.

Фота: 90s.by

«Я лічу, што «Народны альбом» — адна з галоўных падзей 90-х, — кажа Таццяна Заміроўская. — Дагэтуль памятаю, як праходзіла яго прэзентацыя ў Тэатры юнага гледача. У нас, студэнтаў-першакурснікаў, не было нават грошай, каб туды пайсці. Мы скінуліся і адправілі за ўсіх адну дзяўчынку: у яе была добрая памяць і слых. Яна запісала на дыктафон усё, што адбывалася на канцэрце, вывучыла песні і пасля спявала нам — вось так мы ўпершыню пачулі «Народны альбом».

Сольная кар’ера Саладухі і адкрыццё іншых поп-імёнаў

Нягледзячы на тое, што рок быў адным з самых папулярных жанраў, хапала поп-зорак, якія выйшлі на арэну ў такі спрыяльны для пачатку кар’еры час. У 1991-ы сваю сольную кар’еру пачаў Аляксандр Саладуха: пару год ён спрабаваў засвоіцца ў Маскве, але вярнуўся ў Беларусь і так пачаліся яго бясконцыя гастролі па гарадах сінявокай. Альбом і аднайменны хіт «Здравствуй, чужая милая», з якім ён выступае і па сёння, пабачыў свет акурат у 1995-м годзе (дарэчы, першапачаткова вядомая беларусам песня была напісаная ўкраінскім кампазітарам Анатолем Гарчынскім на вершы ўкраінскага ж паэта Ленаніда Татаранкі, яе выконвалі расійскія спевакі, а ў 70-ыя Эдуард Ханок напісаў свой варыянт, першапачаткова прапанаваўшы выконваць яе Валерыю Абадзінскаму, той не захацеў, і тады песня перайшла ў рэпертуар Саладухі, прынёсшы яму вядомасць на ўсёй постсавецкай прасторы).

З поп-спевакоў, якіх бы сёння запісалі ў лідары меркаванняў і яркіх медыяперсон, можна адзначыць Ліку Ялінскую, сёння больш вядомую як Анжаліка Агурбаш. «На пачатку 90-х увесь Саюз захапляўся прыгажосцю новай вакалісткі ансамбля «Верасы»: пасля таго як яна становіцца першай «Міс Беларусь», яе прызнаюць найлепшай фотамадэллю СССР (1991). Дужа папулярнымі стануць і песні ў яе выкананні, якія ў асноўным пішуць для спявачкі паэты Леанід Пранчак і Уладзімір Някляеў: «Малады ды нежанаты», «Белае віно і чырвонае», «Раз ды разок» ды іншыя. Ёй давяраюць спяваць узорны патрыятычны поп-гімн тых часоў, і прыгажуня Ліка з пачуццём выводзіць: «Мы самі выбралі нялёгкі гэты шлях, узняўшы горда бел-чырвона-белы сцяг», — адзначае яе ўнёсак ў гісторыю музыкі Сяргей Будкін.

Выступ Лікі Ялінскай на першым фэсце «Славянскі базар у Віцебску» ў 1992 годзе з песняй «Малады ды нежанаты»

У гэты ж перыяд сталі вельмі пазнавальнымі Іна Афанасьева і Ірына Дарафеева. Першая спявала па-беларуску, а яе кліп на песню «Спраўдзіцца не спраўдзіцца» увайшоў у дзясятку лепшых кліпаў Еўропы на фестывалі ў Браціславе ў 1995-м.

Спявачкі не сыходзяць з экранаў айчыннага і расійскага тэлебачання. Яны — толькі частка прыкладаў паспяховых поп-артыстаў таго часу.

«Дзі Бронкс і Наталі». Фота: сацсеткі гурта

Фестывалі па ўсёй краіне, «Рок-каранацыя» на TV і падтрымка шоўбізу прадпрымальнікамі

Разнастайнасць новых імёнаў спарадзіла і вялікую колькасць пляцовак, фестываляў, дзе яны маглі сустракацца з фанатамі і абменьвацца досведам. Падмурак для з’яўлення некаторых быў закладзены яшчэ ў 80-ыя і зараз яны праявіліся напоўніцу. Мінскія «Тры колеры» (ладзіў мінскі рок-клуб «Няміга», сходы чальцоў якога адбываліся на прыступках кінатэатра «Мір»), «На доўгім бродзе», «Рок па вакацыях», наваполацкае «Рок-кола», двухдзённы бабруйскі «Рок-Айленд», «Купалле з Беларускай маладзёжнай» (газетай-дадаткам да аднайменнай радыёстанцыі), культавая «Рок-каранацыя» — пералічваць можна бясконца, бо ў кожным больш-менш буйным беларускім горадзе існавалі свае гурты і школы, якія стабільна выліваліся ў маштабныя мерапрыемствы.

Вось усяго некалькі прадстаўнікоў-выхадцаў не са сталіцы, якія былі (а нехта і ёсць) вядомы на ўсю краіну: «ТТ-34» (Гомель), «Мясцовы час» (Наваполацк),:B:N: (Бяроза), «Дай дарогу!» (Брэст), Rouble Zone (Барысаў).

«Рок-каранацыя» у свой час была падзеяй, якую паказвалі ў прайм-тайм па тэлебачанні. Былі нават спробы заслаць чырвоныя дыванкі на ўваходзе ў канцэртную залу. Дадатковая адметнасць часу — культуру актыўна падтрымліваў бізнэс, у тым ліку дзяржаўныя прадпрыемствы. Памятаю, як забаўна глядзеўся Вайцюшкевіч на пральнай машыне «Атлант», якую ў якасці прыза выцягнулі на сцэну за рок-карону KRIWI», — расказвае Сяргей Будкін. 

Рок-каранаванне-1998 Аляксандра Кулінковіча. Фота: hvali.by

Дарэчы, сузаснавальнік «каранацыі» Юрый Цыбін акрамя іншага, займаўся фірмай «Каўчэг», якая пэўны час была сапраўдным манапалістам у выдаванні альбомаў беларускіх рок-выканаўцаў са сваімі кропкамі продажу. Касеты з айчыннай музыкай стоадсоткава можна было ўхапіць у пераходзе на Кастрычніцкай ці офісах БНФ і ТБМ. 

У 90-ыя ж з’явілася і «Басовішча», якое хоць і праводзілася на Беласточчыне, але было прысвечана акурат беларускай альтэрнатыўнай музыцы і нават у фармаце рэпартажаў з’яўлялася на дзяржтэлебачанні. Для многіх беларускіх гуртоў з’яўленне на «Басовішчы» станавілася першым выступам за мяжой.

Асобна сваёй канцэпцыяй вылучаецца «Фестываль у абарону музычных меншасцяў», які прагрымеў у сённяшнім ліцэі БДУ ў 1992-м годзе. Арганізатары — каманда газеты-клуба «Такое жыццё-2» — адзначалі, што гэта быў першы і самы маштабны індзі-фэст на той момант. 

Фота: 90s.by

«Усе ведалі «Мрою», «Мясцовы час», «Бонду», «Новае неба», а маладыя гурты ўсур’ёз не ўспрымалі. І тут адразу — двухдзённы фэст, каб даць ім пляцоўку: «Нейра Дзюбель», «Ляпісы», «Пагружэнне», «Мама дала банку», «Супольнасць мёртвых паэтаў» і іншыя, — расказвае музыка, вядучы і шоумен Аляксандр Памідораў. — Гэта былі два дні суцэльнага кашмару для супрацоўнікаў Дома настаўніка і два дні сапраўднага кайфу для нас тагачасных.

Квіткі было не дастаць, адзін чалавек палез без яго пад дах — поўз паміж часткай будынка і канцэртнай залі, пад ім праваліліся гіпсавыя панэлі і ён павіс пасярэдзіне на арматурах — так і вісеў на вышыні 3-4 метры над сцэнай. Як яго здымалі, я не ведаю, бо сам у першы дзень у залу трапіць не здолеў.

Але залез у асвятляльную будку, наліў светлавіку. Ëн спытаў, ці магу я пакіраваць пушкай з левага партала. Канечне, я пагадзіўся. Светлавік пайшоў на правы бок, а я асвятляў сваіх сяброў на сцэне рознымі колерамі — у прыватнасці, Сашу Кулінковіча і Боба Шышкіна. Пасля мерыпрыемства кіраўніцтва Дома настаўніка сказала, што ў гэтым месцы ніякіх рок-канцэртаў больш праходзіць не будзе, і сваё слова ў прынцыпе стрымала. Але сам фэст тады стаў добрым рухавіком шмат для якіх гуртоў».

90-ыя — гэта яшчэ і росквіт клубнага руху і сталых месцаў для тусовак моладзі розных субкультур. У пачатку незалежнага дзесяцігоддзя, напрыклад, адчыніў свае дзверы прыватны «Альтэрнатыўны тэатр» на Крапоткіна. Калі там не паказвалі спектаклі, то ішло кіно з найлепшымі працамі веку ці збіраліся гурткі па інтарэсах — у прыватнасці, «Рубінавыя аўторкі», за якія адказвала Кася Камоцкая. Тут жа, дарэчы, праходзілі першыя «Рок-каранацыі».

Пры тэатры таксама працавала рэстарацыя, дзе збіраліся першыя заможныя бізнэсмены новай хвалі — тут жа пачала агулам фармавацца так званая «залатая моладзь» — усе тыя, хто цікавіўся нечым новым і каму абрыдла «саўковая» абмежаванасць.

Для свайго часу былі культавымі і іншыя сталічныя кафэ і клубы — той жа «Тры парасяты» ў падвальным памяшканні ДК МТЗ, да працы якога меў дачыненне Аляксандр Кулінковіч (у народзе і андэграўндзе клуб называлі проста «Свінні»). Ëн хутка стаў родны домам для калектываў «П'яныя госці», «Ляпіс Трубяцкі» і іншых. Тут жа выступалі N.R.M. 

Сведкі таго часу згадаюць і наступныя магніты для творчых персон: «Рэзервацыя», Cosmopolitan, Pall Mall, «Акварыум», «Графіці» і шмат іншых. Без грошай у кішэні можна было лёгка сустрэць сваіх у філафанічным клубе, які перакачоўваў то ў ДК Трактарнага, то ў кінатэатры; на «Панікоўцы» (сквер ля Купалаўскага тэатра), «Мастакоўцы» (на месцы сённяшняй ратушы на плошчы Свабоды), «Феліксе» (ля помніка Феліксу Дзяржынскаму), «Філары» (бульвар Мулявіна), «вялікай і малай Трубах» (ля метро Кастрычніцкая).

Якім было ТБ і газеты?

БТ у той час мела некалькі годных перадач, вядучыя якіх станавіліся зоркамі. У 1997-м з'явілася моладзевае ток-шоу «5х5». Гэта была самая вострая перадача на беларускім тэлебачанні. Падлеткі ў жывым эфіры вольна абмяркоўвалі патрэбнасць фізкультуры ў школе і стасункі з настаўнікамі, месца жанчыны ў сям'і і здрады, наркаманію, падлеткавую злачыннасць і цяжарнасць.

Адна з былых супрацоўніц тэлебачання тых часоў (яна папрасіла захаваць яе ананімнасць) згадвае, што калі тады і існавала цэнзура ў культурных перадачах, то найперш якасці праграмнага і музычнага матэрыялу.

«З таго, што можна назваць прарывам, хочацца адзначыць перадачу «Крок» — наш варыянт «Взгляд». Увогуле, усе аўтары паспелі наглядзецца, як рабіць «фірму», таму імкнуліся штомоцы рабіць нешта цікавае і незвычайнае. Было шмат арыгінальных лакацый: нехта з кавярняў трансляцыі вёў, нехта з падвалаў.

Аксана і Анатоль Вечар, Аксана Лявіцкая, Ларыса Грыбалёва, Тамара Лісіцкая, Каця Дзямчук, Сяргей Філімонаў, Алесь Круглякоў, Алег Лукашэвіч, Віталь Сямашка, Ягор Хрусталёў і першае ток-шоу з інтэрв’ю «Карамболь» — усе яны былі прафесіяналамі ў сваім кірунку.

Ягор Хрусталёў — «Крок», «Карамболь», «Усё нармальна, мама», «У джазе толькі дзяўчыны», «Выбар». Імя гэтага тэлевядучага грымела з сярэдзіны 1990-ых. Ëн стаў адным з сімвалаў новага беларускага тэлебачання і, як бачыце, быў таксама сэкс-сімвалам.

Паветра было перанасычана ідэямі. Раніцай прачнуўся — о, добрая ідэя прыснілася. Увечар ужо расказваеш яе некаму з калег. Усе гэта было вельмі дынамічна, гарэзліва…»

Анатоль Вечар разам з жонкай Аксанай былі аднымі з самых пладавітых кліпмэйкераў 90-х. Анатоль выступіў як рэжысёр і аператар відэашэрагаў да дзясяткаў вядомых нам сёння хітоў. Сямейны дуэт вёў таксама прыдуманую імі ж перадачу «Акалада» пра вядомых музыкаў і гурты на БТ. У розныя часы іх гасцямі сталі Алег «Джагер» Мінакоў, Алена Апіна, Алеся, Барыс Грабеншчыкоў, KRIWI, Neuro Dubel і іншыя.

Адчуванні супрацоўніцы тэлебачання пацвярджаюцца ўспамінамі Таццяны Заміроўскай, якая тады была актыўнай глядачкай кантэнту, што вырабляўся яе кумірамі. 

«Па беларускім тэлебачанні штодзень паказвалі нешта цікавае: Ларыса Грыбалёва з яе «Усё нармальна мама», «Акалада» пра вядомую музыку і гурты Аксаны і Анатоля Вечар, «Відзьмо-невідзьмо» Сяргей Філімонава пра цікавосткі са свету шоўбізу. Вельмі шмат моладзі ў эфіры, неверагодныя вядучыя — Тамара Лісіцкая і Кірыл Слука, якія імкнуліся прасоўваць у эфіры сваё, кліпы айчынных гуртоў…

Гэта быў час фармавання музычнага густу праз медыя, і менавіта дзякуючы тым прыкладам я сама захацела стаць журналісткай. Гэта быў час тытанічных зрухаў усяго — яно адчувалася фізічна: што вось зараз тут усё будзе класна. І гэта я зараз кажу так не таму, што вось падтрымліваю беларускае радыё і ТБ часоў дыктатуры, якая хутка разгарнулася. А таму, што пэўны час там паспелі папрацаваць самыя клёвыя, крэатыўныя антыдыктатурныя чувакі». 

Таццяна расказвае, што для яе стала мэтай трапіць на працу менавіта ў газету «Імя», выдаўцом якой разам з «Беларускай дзелавой газетай» быў Пётр Марцаў.

«Я дагэтуль памятаю, як кожны тыдзень у родным Барысаве проста бегла да шапіка з прэсай, каб набыць «Імя», дзе для мяне адкрываўся чароўны сусвет з крутымі журналістамі, якія пішуць пра шоўбіз. Калі я паступала на журфак, то ва ўступным сачыненні напісала, што для мяне сапраўдная журналістыка — пра Халіп, Халезіна і ўсе, хто робіць газету «Імя». Мае бацькі плакалі двое сутак пасля гэтага, казалі што мяне ніхто не возьме на журфак з такім падыходам, што трэба было пісаць пра «СБ».

Але тады журфак быў ліберальным і мне паставілі найвышэйшы бал. Праўда, калі я нарэшце прыйшла працаваць, пазнаёмілася з Ірынай Халіп, прынесла ёй свой першы артыкул пра канцэрт The Rolling Stones у Маскве, «Імя» зачынілі. Так на адной публікацыі для мяне ўсё там і скончылася».

Ужо пазней за навіны музыкі суцэльна пачне адказваць «Музычная газета» з яе паўнавартаснымі аглядамі і прафесійнай крытыкай. Трапіць на вокладку «МГ» ці стаць аб’ектам рэцэнзіі, хай нават і ў негатыўным кірунку з лаянкай — было за шчасце (тым больш, што ў лепшыя часы яна прадавалася не толькі ў Беларусі, але і Расіі, Украіне і нават Казахстане). Выданне ў тым ліку было ў пэўным сэнсе правобразам сацсетак: праз яго абменьваліся вокладкамі, фотаздымкамі, знаходзілі сяброў і нават каханне па ліставанні. 

Вокладка «Музычнай газеты» ў 1997-м годзе. Фота: citydog.io

«МГ» выпускалася выдавецтвам «Нестар», заснаваным Анатолем Кірушкіным, і было там не адзіным суперпаспяховым і якасным выданнем. Адтуль жа вырас вузкаспецыялізаваны часопіс «Джаз квадрат» і адно з першых айці-выданняў у Беларусі «Камп’ютарная газета».

90-я таксама сталі эпохай росквіту «Прэсбола» з новай, цікавай падачай навінаў пра спорт, папулярнасці выдавецкіх праектаў дэпутата-апазіцыянера Ігара Герменчука (дзіка хадавой на той час газеты «Свабода» (пазней — «Навіны»)), з'яўлення палітыка-сатырычнай газеты «Навінкі» і мінскага перараджэння «Нашай Нівы».

Радыёстанцыя «101.2»: кароткая гісторыя і моцны ўплыў на ўсю сферу

У 90-х жа быў афіцыйна зарэгістраваны «Восьмы канал» — першае недзяржаўнае тэлебачанне. Адной з самых папулярных праграм там была «Foxy music» з Тамарай Лісіцкай: «Мяне на 8 канал запрасіў Іван Беладубенка, даў поўную волю, мантажку, аператара. Так і атрымалася «Foxy music». Па сённяшніх мерках стандартная музычная праграма — напаўголая вядучая ў студыі, музычныя навіны, кліпы, пазней я пачала запрашаць гасцей, рабіць гутаркі. Але тады такіх праграм было вельмі мала, і гэта карысталася вялікім поспехам. Мы пратрымаліся два гады. Потым у маім жыцці з’явіўся тэлечасопіс «12, ці на ноч гледзячы» на БТ. Кожная праграма павінна была сканчвацца новым кліпам, таму я адна з першых самастойна пачала здымаць «бетакамныя» кліпы нашым музыкам, прычым абсалютна задарма», — згадвае вядучая.

Прагрэсіўным было і радыё. Пасля рэтрансляцыі «Радыё Рокс», на FM-частотах у 1993 годзе запрацавала першая прыватная станцыя «Радыё Бі Эй», зрабіўшы сапраўдны фурор. Але, відаць, самай прарыўной для свайго часу на той момант стала камерцыйная незалежная беларускамоўная FM-радыёстанцыя «101.2» (першапачаткова яна мела ў назве дадатак «Адраджэнне»).

Аснову калектыву станцыі склалі журналісты і гукарэжысёры, якія ў 1994 годзе не па сваёй волі пакінулі дзяржаўную радыёстанцыю «Беларуская маладзёжная», якую ліквідавалі па загадзе пракамуністычнага Кебіча напярэдадні першых у незалежнай Беларусі прэзідэнцкіх выбараў — рэдактарка Жанна Літвіна выказвала здагадку, што гэта помста за тое, што радыё не падтрымала Кебіча як кандыдата.

Тэхнічнае абсталяванне для станцыі дазволіў закупіць атрыманы ад яшчэ існуючага Фонда Сораса грант, таму ў стварэнні не было задзейнічана ні капейчыны дзяржаўных грошай. Радыё было нонканфармісцкім, чыста беларускамоўным і з мудрай палітыкай менеджараў, якія прыдумалі добрыя рэкламныя кампаніі і крэатыўныя прапановы бізнэсам, што адразу дазволіла ім самаакупляцца. Сярод імёнаў, якія гучалі ў эфіры і былі сапраўднымі радыёзоркамі, — Ірына Курапаткіна і Вольга Бабак, Кася Камоцкая і Лявон Вольскі, Вольга Гардзейчык і Севярын Квяткоўскі, Зміцер Лукашук і іншыя. 

Калектыў «Беларускай маладзёжнай», папярэдніцы «101.2». Фота: 90s.by

Аляксандр Памідораў жыў непадалёк ад офіса рэдакцыі на Рэвалюцыйнай і часам прымаў удзел у запісах некаторых праграм.

«Гэта была ўнікальная станцыя па многіх прычынах: досыць сучаснае тэхнічнае абсталяванне, навінкі музыкі з падпісак на міжнародныя каталогі, заняткі англійскай мовай на прыкладзе сучасных трэкаў. У ранішнім эфіры не проста размаўлялі дыджэі, а былі цэлыя шоу з нейкай актуалачкай і прыколамі. Напрыклад, пра курс даляра расказвалася на прыкладзе коштаў на семкі на Камароўцы. Ну, і досыць жорсткія жарты, якія і прывялі да прымусовага закрыцця ў жніўня 1996-га».

Свабода вяшчання скончылася тым, што 30 жніўня 1996 года ў офісе рэдакцыі вылез факс, у якім, нават без подпісу, паведамлялася, што нібыта «з прычыны перашкодаў, якія ладзіць перадатчык на частаце 101.2 мегагерц для канала ўрадавай сувязі «Алтай», эксплуатацыя перадатчыка спыняецца з 31 жніўня 1996 года».

Пасля закрыцця студыя станцыі яшчэ працягвала генераваць творчае: тут, напрыклад, быў запісаны музычны праект «Народны альбом». Потым жа частату 101.2 FM перадалі для вяшчання іншым: у прыватнасці, БРСМ і іх радыё «Стыль». Пазней тут жа запрацавала «Пілот ФМ», уладальнікам якой таксама з’яўляецца БРСМ. Але «101.2» так ці інакш паўплывала на якасць эфіраў калег. На яе ж падмурках паўстала «Радыё рацыя» ў замежжы.

Больш працяглай, але таксама сумнай аказалася гісторыя яшчэ адной незалежнай радыёстанцыі — «Аўтарадыё». Там з 1992-га таксама ратыраваліся беларускія музыкі. Вядомымі вядучымі былі Алег Хаменка, Зміцер Вайцюшкевіч, Маша Яр. У 2011-м радыё анулявалі ліцэнзію ў сувязі з «публічнымі заклікамі да экстрэмісцкай дзейнасці» — пад гэтым меліся на ўвазе выступы незалежных кандыдатаў у прэзідэнты падчас выбарчай кампаніі-2010.

***

Чым бліжэй было да нулявых, тым мацней закручваліся гайкі свабоды творчасці і самапраявы. Асабліва пякельным стаў час пасля рэферэндуму-1995, які павярнуў краіну на шлях дыктатуры з пашыранай уладай прэзідэнта. 

Аднымі з першых з забаронай на канцэрт, што зафіксавана гістарычна, сутыкнуўся гурт žygimont VAZA, удзельнікі якога былі выразнымі антыкамуністамі. Райвыканкам у асобе Сяргея Калякіна забараніў ім ладзіць канцэрт, але музыкі не здаліся і на знак пратэсту правялі яго на балконе кватэры аднаго з удзельнікаў. У выніку, праўда, апынуліся у міліцыі за «парушэнне грамадскага парадку». Прыклад з žygimont VAZA выдатна акрэслівае, як музыкі яшчэ супраціўляліся таму змрочнаму часу з «чорнымі спісамі», што ўжо паціху надыходзіў.

Гурты Deviation (з іх творам «Міліцэйскі тэрор», прысвечаным былому начальніку Бераставіцкага РУУС, які застрэліў з табельнай зброі жонку і параніў сына — ён стаў прычынай арышту і штрафаў для ўдзельнікаў групы), «Новае неба», Ulis, «Крама» — сапраўдныя ветэраны з адзнакай забароненасці ад дзяржавы.

«З прыходам незалежасці мы пілі свабоду ва ўсіх яе праявах на поўныя грудзі. Мы хутка дабіралі ў культурным і чалавечым сэнсе. Але гэтая свабода доўжылася роўна да таго моманту, пакуль не была згвалтаваная Канстытуцыя. З таго перыяду ўсіх свабодных людзей пачалі сілавым метадам выціскаць з культурнага поля. Чыста паказальны момант: нам на «Радыё Бі Эй», памятаю, у першай палове 90-х патэлілі і папрасілі паразмаўляць з журналісткай Вольгай Альварада. Нібыта яна вельмі неахайна прамаўляе прозвішча Лукашэнкі ў навінах і «здзекваецца з яго». Вось на такім узроўні камунікацыя яшчэ была магчымая, а так дзяржслужбоўцы лёгка дзяліліся з намі любой інфармацыяй. А вось з закрыцця станцыі «101.2» пачаўся дыктат ва ўсім», — кажа Аляксандр Памідораў.

«Беларуская музыка была на ўзроўні, калі той жа «Уліс» выступаў на адной сцэне з Jethro Tull, The Stranglers, меў гастролі ў Лондане. Нават калі проста паглядзець на іх фотаздымкі з 90-х — гэта ж сапраўдныя зоркі.

Гурт «Уліс». Фота: old.tuzinfm.by

Ды і ў прынцыпе плакаты з беларускімі музыкамі у «Бярозцы» ці «Крыніцы» выглядалі не менш эфектна, чым плакаты з Depeche Mode. Яшчэ адзін факт: «Воплі Відоплясова», напрыклад, аднойчы выступалі на разагрэве ў беларускай «Бонды». Агулам, беларуская рок-музыка ў 90-ыя была на парадак вышэйшай за ўкраінскую. Топавыя рок-музыкі паспяхова гастралявалі і маглі жыць з музыкі.

Яшчэ ў нулявых неяк усё існавала, але ў прынцыпе творчы рух запаволіўся. І тое, што многія артысты засталіся на плаву і выжылі — ужо вельмі добра. Што б было, каб усё і далей развівалася ў першасным тэмпе і перашкод ад дзяржавы не было… Мы б зараз жылі ў абсалютна іншай краіне з іншымі ўмовамі для развіцця, артыстаў і медыя. Было б, як у краінах ЕС: мноства клубаў, фестываляў, каналаў, артыстаў і магчымасцяў. Па факце, за апошнія 20 год мы страцілі шмат і адкаціліся далёка назад», — падсумоўвае Сяргей Будкін.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама: «Гэта быў час магчымасцяў». Як развіваўся беларускі бізнэс у 90-я

Каментары13

  • дичка Макса Дизайнера
    04.09.2022
    а якая свабода тады на канцэртах была... ніякай аховы, міліцыі бачна не было, не кажучы ўжо пра турнікеты і дасмотры - такое (турнікеты і дасмотры) тады нават ніхто ўявіць не мог, як зараз маладыя пэўна не могуць уявіць адваротнае...
  • Беларус
    04.09.2022
    Цудоўная эпоха была
  • Слухаю беларускія сьпевы
    04.09.2022
    Свабоды захацелі, рок ды панк слухаць? Аб чым вы? Вусаты неадукаваны мужык граў калісьці на гармоніку (ці было такое, ці не), а ўсё астатняе для яго непрымальна, таму і грамадзянам краіны гэтае не патрэбна. Саладуха, Філя, баскаў ды Дарафеева, вось хто павінен быць на музычным алімпе.

Алепа за тры дні? Сірыйскія паўстанцы ўвайшлі ў найбуйнейшы горад Сірыі. Эрдаган ізноў усадзіў ятаган у спіну Пуціна3

Алепа за тры дні? Сірыйскія паўстанцы ўвайшлі ў найбуйнейшы горад Сірыі. Эрдаган ізноў усадзіў ятаган у спіну Пуціна

Галоўнае
Усе навіны →