За 20 гадоў і Лявон Вольскі, і Сяргей Міхалок перажылі некалькі творчых перанараджэнняў.
Большым ударнікам у гэтым, вядома, быў Міхалок: у сярэдзіне нулявых ён з тоўстага алкабалагура ператварыўся ў зататуяванага адэпта здаровага ладу жыцця. «Ляпіс Трубяцкі» стаў больш агрэсіўным, з'явіліся сацыяльныя тэксты і песні-гімны на беларускай мове.
Пасля выбараў 2010 года гурт трапіў пад забарону ў Беларусі, а ў 2013-м Міхалок раптам заявіў, што распускае «Ляпісаў» і зоймецца новым калектывам BRUTTO. Таксама ў 2010-х ён выпусціў два альбомы сольнага праекта DREZDEN і паралельна даваў канцэрты са старымі песнямі пад шыльдай «Ляпіс 98». Адліга ў другой палове мінулага дзесяцігоддзя дазволіла музыканту даваць паспяховыя канцэрты на радзіме.
Пасля ўварвання Расіі ва Украіну заявіў пра аднаўленне гурта «Ляпіс Трубяцкі» (але там няма былых удзельнікаў, акрамя Міхалка), з якім ездзіць па ўсім свеце, збіраючы грошы для Узброеных сіл Украіны. З'яўляецца заслужаным артыстам Украіны.