«Панове-спадарове, вы апублікавалі рэцэпт запякання фарэлі. А хіба гэта правільнае слова? Хіба па-беларуску будзе не «стронга»? — запытаўся ў нас чытач Васіль.
Словы фарэль і стронга — абсалютныя сінонімы, як гіпапатам і бегемот, чай і гарбата.
Слова «фарэль» прыйшло ў беларускую мову з германскіх моў. Па-нямецку гэта «forelle», па-шведску «forell».
Слова «стронга» прыйшло з польскай. У старых славянскіх мовах гэтая рыба называлася «пструг», «пстронг». Імаверна, так і ў Беларусі калісьці яе называлі. Гэтае слова захавалася ў літаратурнай украінскай мове («пструг»), у чэшскай і славацкай - (pstruh), лужыцкай (pstruha), сербскай і харвацкай (па̀струга), славенскай (pǝstroga). Па-польску ж «пструг» - pstrąg, «пстронг» (аналагічна як мудры - «мондры», дуб - «донб» і г.д.). Вось гэтае «пстронг» і перайшло ў новабеларускую мову як «стронга», бо беларусы адаптавалі яго да сваёй фанетычнай сістэмы. Падыход «не ўжываць слова, бо яно гучыць, як і па-расейску», на нашу думку, няправільны, ён збядняе мову. Хай у мове будуць сінонімы: стронга і фарэль. Дый старое слова «пструг» мае права на вяртанне.
Комментарии