Знакі прыпынку

* * *

Несправядлівасьць здольная імітаваць справядлівасьць ва ўсіх яе праявах і заставацца пры гэтым самой сабой; а калі наадварот: калі ўявіць справядлівасьць як імітатара несправядлівасьці — якая можа быць мэта такой імітацыі?..

* * *

«Чалавек ёсьць тое, чым ён рызыкуе», — выснова, да якой прыйшоў Жак Дэрыда. Тым самым ён прапанаваў найбольш аб’ектыўную шкалу і самаацэнкі, і ацэнкі зьнешняй.

Чжуан-цзы павучаў:

«Майстар гульні са стаўкай на чарапіцу пачне хвалявацца пры гульні на срэбра і звар’яцее пры гульні на золата. Мастацтва адно і тое ж, але варта зьявіцца спакусе, як увага адразу перакідваецца на зьнешняе. Пры ўвазе да зьнешняга прытупляецца ўвага да ўнутранага».

Унутранае тут — гульня, і майстар ня стане мяняць гульню (зьмяняць сябе?) пры любой стаўцы.

Тое, што ёсьць майстар у Чжаўн-цзы, вышэй за тое, што ёсьць чалавек у Дэрыды. Майстар не ацэньвае сябе — і яго ацаніць немагчыма: ён ня толькі не думае, чым рызыкуе, а нават не мяркуе, што рызыкуе. Ён у стане увэй, нядзеяньня.

Гэты герогліф увэй, які абазначае нейкую вяршыню даоскай філязофіі, неспасьцігальны, мусібыць, для эўрапейскага мысьленьня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0