Апошні прэзідэнт Чэхаславакіі (1989–1992) і першы прэзідэнт Чэхіі (1993–2003) Вацлаў Гавэл памёр 18 снежня 2011 г. у выніку ўскладненняў, выкліканых працяглай хваробай.

Апошнім, што ён зрабіў для Беларусі, была падтрымка вылучэння Бяляцкага на Нобелеўскую прэмію міру.

Вацлаў Гавэл нарадзіўся 5 кастрычніка 1936 года ў Празе ў заможнай сям’і. Скончыў Акадэмію мастацтваў. Пасля падзей Пражскай Вясны 1968 г. неаднаразова арыштоўваўся. У 1975 г. напісаў «Адкрыты ліст Густаву Гусаку» [кіраўніку тагачаснай васальнай Чэхаславаччыны], быў адным з ініцыятараў падпісання знакамітай «Хартыі-77».

У 1979 г. супраць Гаўла і пяці іншых чэшскіх дысідэнтаў было вылучана абвінавачванне ў падрыўной дзейнасці. Гавэл быў кінуты ў турму і асуджаны на 4,5 года зняволення.

З выступу пражскіх студэнтаў глыбокай восенню 1989 года ў Чэхаславакіі пачалася «Аксамітная рэвалюцыя». Гавэл стаў адным з ініцыятараў стварэння «Грамадзянскага форуму».

29 снежня 1989 г. на сумесным пасяджэнні абедзвюх палат федэральнага сходу Чэхаславацкай Савецкай Рэспублікі ён быў абраны прэзідэнтам. Пасля таго як Чэхія і Славакія мірна сталі самастойнымі дзяржавамі ў 1993 годзе, Гавэл стаў першым прэзідэнтам незалежнай Чэхіі, кіраваў краінай да 2003 года.

Гавэл вядомы як адзін з самых яркіх палітычных дзеячаў Еўропы перыяду, які паследаваў за разбурэннем Берлінскай сцяны.

Яму ўдалося правесці паспяховыя эканамічныя рэформы ў постсацыялістычнай краіне, якія супадалі з ідэаламі дэмакратыі і гуманізму, якія вызнаваў Гавэл. Пры ім чэхі дабіліся вываду савецкіх войскаў.

Рэвалюцыйныя перамены адбыліся без адзінай чалавечай ахвяры.

Гавэл прыязна ставіўся да беларускага дэмакратычнага грамадства, сімпатызаваў беларусам, рэзка крытыкаваў Лукашэнку, выступіў у абарону Алеся Бяляцкага, патрабаваў вызвалення беларускіх палітвязняў, разумеў і падтрымліваў змаганне беларусаў за сваю мову, культуру, бачанне гісторыі.

Чэхі шануюць імя Гаўла, аэрапорт у Празе назвалі яго імем.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0