Двух чалавек у адзін і той самы час затрымліваюць у адным і тым самым месцы, садзяць у адзін “варанок” і вязуць у адно і тое самае ўпраўленне ўнутраных спраў... Так было з журналістамі Генадзем Барбарычам і Аляксандрам Ярашэвічам, гэтак было з грамадскімі актывістамі Аляксандрам Тарнагурскім і Дзмітрыем Чарняком, якіх затрымалі 26 красавіка –- па сканчэнні Чарнобыльскага шляху. Думалася, і судзіць іх будуць парамі: у адной зале Барбарыча і Ярашэвіча, у другой –- Тарнагурскага і Чарняка. Не, судзілі ўсіх іх паасобку, а Тарнагурскага і Чарняка нават розныя суддзі.

З пэўнага часу некаторыя менскія суддзі па частаце згадак пра іх у СМІ, бадай, зраўняліся з палітыкамі і артыстамі, а менскія суды сталі чымсьці накшталт відовішча.
Для мяне, напрыклад, адкрыццём стаў талент суддзі Дзмітрыя Паўлючэнкі. Думаю, што ён мог бы выступаць на спаборніцтвах па скорагаворках.
Каб зразумець сэнс таго, што ён зачытваў, трэ’ было надта напружваць слых.
Ад Дзмітрыя Паўлючэнкі стараліся не адставаць Кірыл Палулех і Аксана Рэлява. Як мне патлумачылі, такая методыка вядзення судовага пасяджэння з палітычнай падкладкай рэкамендавана цяпер і расійскім суддзям.
Амаль нароўні з суддзямі каларытна глядзяцца і міліцыянты, якіх клічуць у суд у якасці сведак.

Хто з менчукоў не можа апісаць пачатак праспекта Машэрава і пачатак вуліцы Казлова? У міліцэйскіх паперах было запісана, што Генадзь Барбарыч і Аляксандр Ярашэвіч былі затрыманыя на праспекце Машэрава каля дома № 2 (раён інтэрната Акадэміі МУС). Самі журналісты сцвярджалі, што іх затрымлівалі на вуліцы Казлова у раёне магазіна “Акіян” – там, дзе прыпынак 19-га аўтобуса, бо менавіта ў гэтым аўтобусе Барбарыч і Ярашэвіч ехалі з парка Дружбы народаў і ў гэтым аўтобусе ехалі тыя, хто іх затрымаў. Дык вось,

пакліканых у суд міліцыянераў папрасілі апісаць, як выглядала тая мясцовасць, дзе яны затрымлівалі журналістаў. Трэба было паслухаць тое апісанне.
Тут або стэнаграму варта было б публікаваць, або клікаць на дапамогу чалавека з талентам Антона Чэхава.
Аляксандру Ярашэвічу (чалавеку шчупламу, невысокага росту) інкрымінавалі, што ён тузаў за вопратку міліцыянераў (адзін з іх – дзяцюк пад два метры).
Суддзя пытаецца: тузалі? Аляксандр адказвае пытаннем на пытанне: як я мог тузаць, калі мяне трымалі за рукі? Прыходзіць сведка-міліцыянт (той самы, пад два метры).
Суддзя: як вы стрымлівалі яго? Міліцыянт: я трымаў яго пад рукі.
Пачуўшы такі адказ, я падумаў, што суддзя задаць пытанне на ўдакладненне: пад рукі ці за рукі? Пяшчотна абдымаў журналіста за талію ці трымаў ягоныя рукі ў сваіх? Суддзя не задаў такога пытання. Навошта? Не трэба.

Мусіць, гэткае ж пытанне – навошта? – задала сабе і суддзя, якая судзіла Тарнагурскага.

Ужо скончыўся рабочы дзень, людзі пакінулі свае канторы, а ты сядзі тут і разбірайся, што рабіў міліцыянт: пяшчотна абдымаў свайго “кліента” пад рукі ці заломваў іх? І суддзя вырашыла: не трэба.
Выслухаўшы сведкаў-міліцыянтаў, сведкаў з боку Аляксандра Тарнагурскага яна выслухоўваць не стала. І сапраўды, навошта? Суду і без таго ўсё ясна. Дый тыя, хто прыйшоў падтрымаць Аляксандра, таксама не мелі сумненняў: раз Дзмітрыю Чарняку “ўляпілі” 10 сутак, такі ж тэрмін “улепяць” і Тарнагурскаму. Дарма, што суддзі ў іх розныя. Раз “даў” суддзя трое сутак Аляксандру Ярашэвічу, значыць дасць той самы тэрмін і Генадзю Барбарычу. Вось такая прадказальнасць ў нашых судах. Інакш як судовай камедыяй гэта не назавеш.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0