Электронная сістэма продажу квіткоў да лістапада з'явіцца ва ўсіх кінатэатрах Мінска
Пра гэта сёння на аператыўнай нарадзе ў Мінгарвыканкаме паведаміў генеральны дырэктар УП «Кінавідэапракат» Васіль Коктыш.
«Мінчане ўжо ацанілі гэта новаўвядзенне, бо ў Мінску ўжо 9 кінатэатраў падлучаныя да электроннай сістэмы аплаты квіткоў. Заказваць квіткі можна па адрасе: kino.bycard.by — тут відаць і колькасць пакінутых квіткоў на сеанс, можна выбраць зручныя дату і час сеансу, упадабанае месца ў зале. Я думаю, што да канца наступнага года каля 60% жыхароў сталіцы будуць купляць квіткі праз Інтэрнэт», — сказаў В. Коктыш.
Акрамя таго, у бягучым годзе практычна ўсе кінатэатры Мінска пяройдуць на лічбавае абсталяванне.У верасні прыняць гледачоў пасля рамонту зможа абноўлены кінатэатр «Ракета», дзе таксама ўсталююць такое абсталяванне. Наступнымі ў чарзе на рэканструкцыю яшчэ два кінатэатры — «Перамога» і «Масква».
«У цэлым жа хацелася б, каб у Мінску было больш кіназалаў. Цяпер мы паказваем фільмы ў 24 кіназалах, але гэтага недастаткова.Бо патэнцыял сталічных кінатэатраў — прыняць 8–9 млн гледачоў, а па факце выходзіць 5 млн. У нас проста не хапае экраннага часу, каб паказаць усё, што б мы хацелі. Тым больш што тэрміны пракату вельмі кароткія, і падоўжыць іх мы не можам, бо прыходзяць новыя фільмы. Таму для таго, каб забяспечыць развіццё кінавідэапракату і павялічыць даходнасць, патрэбныя новыя кіназалы.
Зараз мы праектуем новы кінатэатр «Авангард» у раёне станцыі метро «Грушаўка», але акрамя яго трэба яшчэ 20 кіназалаў, і тады ўсе пытанні будуць знятыя, — адзначыў В. Коктыш.
Каментары