Камітэтам дзяржаўнай бяспекі падчас правядзення мерапрыемстваў па навядзенні парадку ў будаўнічай галіне выяўлена і спынена супрацьпраўная дзейнасць групы асоб з ліку кіраўнікоў, супрацоўнікаў Беларускага рэспубліканскага саюза спажывецкіх таварыстваў (Белкаапсаюз) і прадстаўнікоў камерцыйных структур, якія займаліся вымагальніцтвам хабараў за прадастаўленне аб’ёмаў работ на аб’ектах спажыўкааперацыі, а таксама продаж інвестарам зямельных участкаў і аб’ектаў нерухомасці.
Памеры хабараў, якія патрабаваліся да перадачы за прадастаўленне магчымасці будаўніцтва і продажу нерухомасці, дасягалі $ 500 тыс.
Пры перадачы чарговай часткі хабару затрыманыя старшыня Белкаапсаюза С.Сідзько, начальнік упраўлення капітальнага будаўніцтва Белкаапсаюза Д.Калодзезны, намеснік начальніка ўпраўлення капітальнага будаўніцтва Белкаапсаюза Э.Сізук, а таксама прадстаўнікі камерцыйных структур.
«У дачыненні да згаданых асобаў заведзена 5 крымінальных спраў па прыкметах злачынстваў, прадугледжаных арт. 430 і 431 КК Рэспублікі Беларусь. Падазраваныя змешчаны ў СІЗА», — распавялі ў КДБ.