«Заходняя цывілізацыя перажывае найглыбейшы крызіс», — сказаў у Мінску патрыярхам Аляксандр Лукашэнка. «Лукашэнка, як заўсёды, не мае рацыі», пракаментаваў наш чытач Анатоль. І ў падмацаванне сваіх словаў даслаў спасылку на артыкул Аляксандра Бавунова з расійскага часопіса «Слон».

Цяпер нам убіваюць у галовы: уся іх Еўропа — выраджаная і бездухоўная. А ў нас, можна падумаць, храмы поўныя…

Цэрквы ў Еўропе пустыя, можа, не таму, што ў людзей там нічога святога, а таму, што не трэба бегчы ў іх ратавацца ад свету. Святое, хрысціянскае яны раўнамерна разлілі, распырскалі па ўсёй сваёй цывілізацыі, насыцілі ім усё. Еўропа цяпер — гэта свет разлітага па ўсім жыцці, растворанага ў жыцці хрысціянства. Евангельскімі каштоўнасцямі прасякнутая прававая і бытавая культура. Еўропа, уласна, цяпер — уся царква і ёсць. Толькі чаго дамагаўся Хрыстос — каб людзі ведалі праваслаўны малітоўнік або каб ставіліся адно да аднаго па-людску? Каб бачылі ў іншым чалавеку сябе самога, то бок вобраз Божы?

Хрысціянская цывілізацыя — гэта калі шмат цэркваў, набітых народам, ці калі людзі не робяць іншаму таго, чаго не хацелі б для сябе?

У Таркоўскага ў «Рублёве» канкурэнт Рублёва, іканапісец Кірыл, спачатку, пакрыўдзіўшыся, сышоў, а потым вярнуўся ў манастыр. «Дрэнна, — кажа, — у свеце». Ну дык, можа, цэрквы ў нас поўныя, бо ў свеце дрэнна? Звонку — злосць, здрада, цемра, змрок, арда. А ўнутры — золата, свечкі, кнігі, музыка, абліччы праведных. Крыж, ізноў жа. І нават людзі часам дабрэюць.

Зноў жа, пройдземся па прыказаннях. Па «не забівай» мы на дзявятым месцы ў свеце з канца, гэта значыць у першай дзясятцы па «забі», — гэта калі браць агульную колькасць. А калі на душу насельніцтва, то, вядома, лепей, але ўсё роўна — ззаду любой краіны Еўропы, якая загразла ў гей-шлюбах. Гэта не лічачы абортаў і самагубстваў, па якіх мы першыя і дзясятыя ў свеце адпаведна, зноў жа наперадзе Еўропы.

Пра «не крадзі» — гэта мы самі ўсё ведаем, хоць індэкс успрымання карупцыі і суб’ектыўны, але і без індэкса бяром што дрэнна ляжыць. Пра «не пажадай асла і вала блізкага свайго» — гэта мы на трэцім у свеце месцы па выкраданні аўтамабіляў, калі грузавыя лічыць за вала, а легкавыя — за асла.

Па разводах мы таксама першыя, але тут нават статыстыку прыводзіць не трэба, усіх зацьміў прэзідэнт.

Наконт «памятай дзень суботні» — у нас больш-менш рэгулярна памятаюць 5% насельніцтва, а ў бездухоўнай Еўропе — каля 15%. Тут жа візуальна цяжка параўнаць: у нас у храме адна літургія ў дзень, ну ў прыдзеле яшчэ адна, а там — канвеер. З «палюбі блізкага як самога сябе» ці хаця б «не рабі іншаму таго, чаго не хочаш, каб рабілі табе», — з гэтым мы і так ведаем, як у нас ідзе: як любім адно аднаго на дарозе, напрыклад.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?