Тактыка Пуціна на постсавецкай прасторы можа мець адваротны эфект. Чым больш Расія цісне на суседнія краіны, тым больш яна настройвае іх супраць сябе. А Еўропа ў выніку збліжаецца з імі — як цяпер адбываецца з Украінай. Пра гэта піша брытанская газета «Файнэншэл таймс».

Яна адзначае, што адносіны Расіі з суседзямі ў апошні час пахаладалі. Прычым гэта здарылася не толькі ў адносінах з Украінай і Малдовай — іх Расія шантажуе гандлёвымі войнамі і праблемамі з Прыднястроўем, у выпадку калі яны падпішуць Дамову аб асацыяцыі з ЕС. Тое самае адбылося з Беларуссю, дзе канфлікт выклікалі дзеянні агрэсіўнага расійскага капіталу.

У ліпені «Уралкалій» выйшаў з экспартнага картэля з «Беларуськаліем». Гэта абрынула цэны на асноўны экспартны тавар Беларусі — калійную соль. Беларусь адказала арыштам гендырэктара «Уралкалія», піша «ФТ».

Будучы самай аўтакратычнай дзяржавай Еўропы, Беларусь не мае шанцаў на інтэграцыю з ЕС, піша газета. Але Крэмль усё адно мае на яе зуб за іншае. Па-першае, Расію раздражняе, што Мінск шукае фінансавай дапамогі ў Кітаі, а па-другое, што Лукашэнка не выказвае належнай павагі да Пуціна, прытым што Пуцін лічыць яго проста сваім васалам.

У цэлым жа апошнія канфлікты, на думку газеты, паказваюць, што магчымасці ўплыву Расіі нават на славянскія рэспублікі былога СССР абмежаваныя, а прывабнасць расійскай мадэлі — нізкая.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?