Чаму расейскія СМІ згарнулі антыэстонскую кампанію? Бо газаправоду, аказалася, няма іншае дарогі, як праз эстонскія тэрытарыяльныя воды.

У наступны чацьвер урад Эстоніі мае прыняць рашэньне, ці даваць згоду на дасьледаваньне шэльфу ў сваіх тэрытарыяльных водах. Праз эстонскую эканамічную зону ў Балтыцы павінен пралягчы газаправод „Паўночны паток”. Без дасьледаваньня няможна падрыхтаваць даклад аб уплыве праекту на прыроду. А без такога дакладу, згодна з эстонскім заканадаўствам, няможна будаваць.

Рашэньне мусіла быць прынятае яшчэ на мінулым тыдні, але кааліцыйны ўрад Эстоніі ў гэтым пытаньні падзяліўся.

Кансэрватыўныя партыі „Дзеля Айчыны” i „Рэспубліка” супраць, тады як Рэфармісцкая партыя прэм’ера Андруса Ансыпа — за. „Эстонія ня можа проста так сказаць не газаправоду”, — далікатна тлумачыць міністра замежных спрваў Эстоніі Урмас Паэт. Прэм’ер Ансып недвухсэнсоўна намякнуў, што сытуацыю ўскладнілі леташнія санкцыі Масквы, уведзеныя пасьля пераносу помніка чырвонаармейцам з цэнтру Таліна на вайсковыя могілкі.

Тады Расея разгарнула шумную кампанію, а Ансыпа абвінавачвалі ў нэафашызьме.

„Расея сама настроіла грамадзкую думку супраць газаправоду, акрэсьлваючы Эстонію як краіну паразытарную, якая жыве з транзыту тавараў між Расеяй і Захадам, — заявіў Ансып, які тады заняў цьвёрдую пазыцыю, не саступіўшы націску Расеі і выслаўшы з краіны грамадзянаў Расеі, якія падбухторвалі маніфэстантаў. — Наша грамадзкасьць стваіцца да праекту газаправоду па дне мора вельмі адмоўна, але мы ня можам прымаць рашэньняў, кіруючыся толькі эмоцыямі. Мусім узважыць усе аспэкты справы, у тым ліку замежную палітыку і ахову навакольканага асяродзьдзя”.

Спачатку труба мусіла ісьці ўздоўж Фінляндыі – і фінскі ўрад, настроены на стратэгічнае партнэрства з Расеяй быў толькі за — але фінскія эколягі сталі біць у звон і заблякавалі праект. Таму канцэрн на чале з экс-канцлерам Нямеччыны Шродэрам вырашыў перасунуць трубу бліжэй да Эстоніі.

Балтыйскія краіны прапануюць, каб газаправод пайшоў не па дне – што вельмі рызыкоўна для прыроды мора — а па сушы, праз тры краіны. За такі выбар выступае і Польшча, найбольшы палітычны гулец у рэгіёне. Такі выбар гарантаваў бы, на думку Варшавы, што Нямеччына з Расеяй не сталі б здольныя дыктаваць свае ўмовы энэргапаставак краінам Цэнтральнай Эўропы. Дзіўна, кажуць у Варшаве, што Расея і «Вінгаз» гатовыя ўкладваць удвая большыя грошы ў трубу па моры, абы абмінуць мірныя і стабільныя краіны Балтыі.

Як і Варшава, Аляксандар Лукашэнка рэзка крытыкаваў ідэю паўночнабалтыйскага газаправоду, назваўшы яе „самай дурацкай”.

На думку некаторых палітолягаў, Польшча, Украіна, Беларусь і Балтыя атрымаюць вялізныя палітычныя і гаспадарчыя выгады, выступаючы ў адносінах з Расеяй адзіным фронтам. У выпадку калі Польшчы і Балтыі ўдасца тарпэдаваць ідэю газаправоду па моры, шанцы на ўтварэньне такога саюзу павялічацца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?