Суседняя сталіца трапіла ў першую дзясятку гарадоў з самай прыгожай каляднай ілюмінацыі ў свеце. Горад упрыгожаны шыкоўна — святочная ілюмінацыя абышлася амаль у мільярд рублёў (200 тыс літаў).

Дадзены рэйтынг «Top 10 Christmas Displays In The World» склала вядучая незалежная крыніца ў турызме ў Брытаніі Essential Travel.

У пошуках лепшых гарадоў у свеце для сустрэчы Каляд Essential Travel зрабіў агляд шэрагу накірункаў, якія славяцца яркім урбаністычны пейзажам і незабыўнай каляднай атмасферай. Геаграфія самых цудоўных калядных месцаў вар'іруецца ад ЗША, Калумбіі і Бразіліі, да Японіі, Філіпін, Аўстраліі, Мальты і Брытаніі.

Віленскія гарадскія ўлады далі магчымасць удзельнічаць у падрыхтоўцы да свята ўсім ахвотным. У падрыхтоўцы мерапрыемства прыняла ўдзел вялікая колькасць гараджан, якія прапанавалі ідэі, як можна арганізаваць свята Божага Нараджэння.

«Сталіца Літвы падчас Раства мігціць пяшчотнымі белымі і залатымі гірляндамі, нацягнутымі праз вуліцы, яны звісаюць і з фасадаў будынкаў на Ратушнай плошчы. На Саборнай плошчы Вільні стаіць ёлка, якая была прызнана самай вялікай і самай прыгожай ва ўсёй Балтыі», — піша сайт. Як бы там ні было, гэтая ёлка не самае вялікае каляднае дрэва ў Літве.

Кожны год Віленская тэлевежа, каля трохсот метраў вышынёй, упрыгожваецца гірляндамі ў дзевяць з паловай кіламетраў.

«Што тычыцца Дзеда Мароза, то ён таксама не можа прапусціць такую падзею, як і ўсе яго эльфы. Гэтая каманда будзе ўкамплектоўваць калядны цягнік, які будзе вазіць жыхароў і гасцей да ўсіх чароўных куткоў горада», — апісвае каляднае свята ў Вільні Essential Travel.

Святочная ілюмінацыя запалілася ў Вільні 30 лістапада. Калядны гарадок запрацаваў 5 снежня. У апошнія дні адыходзячага года (25-30 снежня) горад падорыць сваім жыхарам і гасцям «Калядны цуд» — анімацыйную казку ў фармаце 3D на сцяне Кафедральнага сабора.

Святочны феерверк у Вільні будзе дадзены двойчы: 25 снежня агні ўспыхнуць на тэлевізійнай вежы, а 1 студзеня 2014 года — на Кафедральнай плошчы горада, дзе традыцыйна збіраюцца сотні людзей для святкавання Новага года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?