Выбух адбыўся ў тралейбусе непадалёк ад рынку ў Дзяржынскім раёне Валгаграда (Расія) раніцай у панядзелак, 30 снежня. Паводле папярэдніх звестак, загінулі 15 чалавек.

Выбух адбыўся ў тралейбусе №15 непадалёк ад рынку ў Дзяржынскім раёне Валгаграда, выбуховай хваляй выбіла шыбы ў суседніх дамах. Перапоўнены тралейбус рухаўся ў гадзіну пік са спальнага раёна ў цэнтр горада.

У адміністрацыі горада паведамілі, што выбух адбыўся ў той момант, калі «пятнаццаты» пачаў рух ад прыпынку «Качынскае вучылішча».

Тралейбус ішоў ад бальніцы, у якой знаходзіліся пацярпелыя ва ўчорашнім тэракце.

Месца здарэння ачэплена. Кінолагі і выбухатэхнікі аглядаюць прылеглую тэрыторыю, у прыватнасці, рынак, які таксама зачынены.

Гандлёвыя цэнтры зачыняюцца па распараджэнні МУС па Валгаградскай вобласці, каб пазбегнуць магчымага паўтарэння тэрарыстычных актаў.

Паводле апошніх звестак, загінулі 14 чалавек. Звесткі пра пацярпелых адрозніваюцца, сярод параненых аднагадовае дзіця, яго стан вельмі цяжкі. Шпіталізаваны 25 чалавек.

Паведамляецца таксама, што жыхары Валгаграда сталі адмаўляцца ад паездак на грамадскім транспарце.

Многія дабіраюцца да працы пешшу. Жыхары горада спешна пераглядаюць планы на зімовыя вакацыі, адмаўляючыся ад запланаваных загарадных паездак, здаюць раней набытыя квіткі на транспарт і наведванне культурных мерапрыемстваў.

1-3 студзеня ў Валгаградзе абвешчана жалоба, усе масавыя забаўляльныя мерапрыемствы ў горадзе адмененыя.

Выбух адбыўся менш чым праз суткі пасля тэракту на вакзале горада, у выніку якога загінулі 17 чалавек і больш за 40 пацярпелі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?