Ён будзе адказам на ініцыятыву Камуністычнай партыі Беларусі і Камуністычнай партыі Расіі аб правядзеньні ў Менску 3 — 5 лістапада міжнароднай сустрэчы камуністычных і працоўных партый.
Антыкамуністычны форум у процівагу камуністычнаму маюць намер правесці 3 лістапада ў Мінску прадстаўнікі правага крыла беларускай апазіцыі. Якую мэту мае гэтае мерапрыемства?
Форум «У будучыню — без камунізму» сустаршыня аргкамітэта партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец, намеснік старшыні Партыі БНФ Алесь Міхалевіч і вядомы гісторык, даследчык сталінскіх рэпрэсій у Беларусі Ігар Кузняцоў вырашылі правесці ў адказ на ініцыятыву Камуністычнай партыі Беларусі і Камуністычнай партыі Расіі аб правядзенні ў Менску 3 — 5 лістапада міжнароднай сустрэчы камуністычных і працоўных партый.
Такія сустрэчы кампартый праходзяць штогод. Папярэдні форум прайшоў у Лісабоне і сабраў каля 70 дэлегацый. Аднак у беларускай сталіцы ён абяцае прайсці з адмысловым размахам, бо адбудзецца напярэдадні 90‑годдзя прыходу да ўлады ў Расіі партыі Леніна.
Левая рыторыка — левая палітыка?
7 лістапада ў Беларусі з’яўляецца агульнарэспубліканскім святам «Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі» і непрацоўным днём. Статус свята фармальна ніжэй за дзяржаўнае, але святкаванне юбілею рэвалюцыі цалкам можа быць скарыстана кіруючым рэжымам для прапаганды «беларускага шляху» і прэзідэнта асабіста.
Ва ўсякім разе, гэткай версіі прытрымвалася кіраўніцтва апазіцыйнай Партыі камуністаў Беларускай, чыя дзейнасць рашэннем Вярхоўнага суду ад 2 жніўня прыпыненая на паўгады. Напярэдадні ПКБ рассылала інфармацыйныя лісты партнёрскім еўрапейскім партыям, у якіх сцвярджала, што кіруючы рэжым у Беларусі толькі выкарыстае левую рыторыку, але праводзіць нялевую палітыку.
«Не» камуністычнай экспансіі
Арганізатары форума «У будучыню — без камунізму» маюць іншыя прэтэнзіі. У інтэрв’ю «Нямецкай хвалі» чалец аргкамітэту антыкамуністычнага форуму Алесь Міхалевіч зазначыў :
«Мяне абурыла тое, што ў Беларусі запланавана правядзенне так званай міжнароднай сустрэчы камуністычных і працоўных партый, таму што Беларусь з’яўляецца адной з тых краінаў, якая найбольш пацярпела ад камунізму. Мы вырашылі паказаць, што Беларусь — не месца для правядзення падобных мерапрыемстваў».
Паводле А. Міхалевіча, раз такая міжнародная сустрэча рыхтуецца ў Беларусі, значыць, нехта думае, што да гэтага часу камуністычныя ідэі карыстаюцца тут папулярнасцю. Але, як сцвярджае намеснік старшыні Партыі БНФ, насамрэч, сярод моладзі тых, хто падзяляе камуністычную ідэалогію, практычна няма. Такім чынам, задача антыкамуністычнага форума, як яе дэкларуюць арганізатары, — паказаць, што Беларусь не будзе фарпостам камуністычнай экспансіі ў Еўропе.
«Наш народ як частка еўрапейскай цывілізацыі і як нацыя, пацярпелая ад ярма камуністычнай улады, не можа змірыцца з распаўсюджваннем антыгуманнай ідэалогіі», — сцвярджаюць арганізатары форума.
Каментары