Ленін у Горках. Апошні год жыцця.

Ленін у Горках. Апошні год жыцця.

Члены ЦК нясуць труну з целам Леніна.

Члены ЦК нясуць труну з целам Леніна.

Развітанне з Леніным: чарга.

Развітанне з Леніным: чарга.

Кіраўнікі СССР на фоне яшчэ драўлянага маўзалея. 1925.

Кіраўнікі СССР на фоне яшчэ драўлянага маўзалея. 1925.

Піраміды ХХ стагоддзя: будаўніцтва гранітнага маўзалея. 1930.

Піраміды ХХ стагоддзя: будаўніцтва гранітнага маўзалея. 1930.

У савецкі час гіганцкая чарга да маўзалея была адной з візітовак Масквы.

У савецкі час гіганцкая чарга да маўзалея была адной з візітовак Масквы.

Для сучаснага палітыка 53 гады — час росквіту кар’еры.

Леніна называлі «дзядулем», а Пуцін у тыя ж гады лётаў з журавамі і фатаграфаваўся з голым торсам, а прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд, аднагодак Аляксандра Лукашэнкі, ездзіць на матаролеры да каханкі.

Паляваў на ваўкоў за два дні да смерці

Ленін страціў працаздольнасць у 1922, пасля замаху і аперацыі па выдаленні куляў. У сакавіку пачаліся прыпадкі з стратай прытомнасці, за год развіўся параліч правага боку цела, адняло мову.

Леніна перавезлі ў Горкі. І ўсё ж лекары да зімы 1923 здолелі паправіць становішча настолькі, што Ільіч пачаў вучыцца пісаць левай рукой, паўдзельнічаў у дзіцячай навагодняй ялінцы ў Горках.

Часта ў савецкіх дзіцячых кніжках мы чыталі, што Ленін у Горках любіў ездзіць у лес. Можна канкрэтызаваць, чаго ездзіў: на паляванне.

Апошні раз — за два дні да смерці. Наступнае было прызначана на 21 студзеня. Страляць збіраўся ваўкоў. Аднак 20 студзеня Леніну стала істотна горш.

50 хвілін агоніі

«Пачынаючы з чацвярга (20 студзеня), стала адчувацца, што нешта насоўваецца: выгляд стаў ва Уладзіміра Ільіча жахлівым,

стомлены, змучаны. Ён часта заплюшчваў вочы, неяк збялеў і, галоўнае, у яго неяк змяніўся выраз твару, стаў нейкі іншы позірк, як у сляпога…», — успамінала жонка Леніна, Надзея Крупская.

Апошнія суткі Леніна адзін з яго лекараў, прафесар Восіпаў, апісвае так: «20 студзеня Уладзімір Ільіч адчуваў агульнае недамаганне, у яго быў дрэнны апетыт, млявасць, не было ахвоты займацца; ён быў пакладзены ў ложак, была прапісаная лёгкая дыета. На наступны дзень гэты стан млявасці працягваўся… з'явіўся апетыт, дазволена было даць яму булён.

У шэсць гадзін (вечара) недамаганне ўзмацнілася, ён страціў прытомнасць, з'явіліся курчы. Правыя канцавіны былі напружаныя так, што нельга было сагнуць нагу ў калене.

Колькасць удыхаў паднялася да 36, а сардэчных скарачэнняў — да 120—130 у хвіліну, і з'явілася парушэнне дыхальнага рытму, мазгавы тып дыхання, які амаль заўсёды сведчыць пра набліжэнне фатальнага канца».

Тэмпература ў Леніна паднялася настолькі, што не хапала ртутнага слупка ў тэрмометры,

але курчы пачалі слабець, і дактары спадзяваліся, што хворы выжыве. Але а 18.50 раптам кроў рэзка прыліла да твару, затым быў глыбокі ўздых і імгненная смерць. Марныя спробы рэанімаваць Леніна працягваліся яшчэ 25 хвілін.

Ці была парыжская прастытутка?

Смерць кіраўніка першай бальшавіцкай дзяржавы спарадзіла масу чутак.

Белая эміграцыя актыўна пісала пра тое, што Ленін сканаў ад сіфілісу.

Упершыню гэтая версія была агучаная былым загадчыкам кафедры скурных і венерычных хвароб Імператарскага Мікалаеўскага ўніверсітэта (Саратаў) Уладзімірам Церабінскім. Ён у 1919 адступіў з белай арміяй, выкладаў у Бялградскім універсітэце. У сваёй працы «Аб прычынах смерці У.І.Леніна паводле звестак пратакола ўскрыцця (Lues cerebri)» медык выказаў меркаванне, што ў Леніна быў сіфіліс мозгу — апошняя стадыя побытавых пранцаў.

Пазней з’явіліся нават пікантныя падрабязнасці, што пранцы Ленін «падхапіў» у 1902 ад парыжскай прастытуткі. Падставамі для высновы пра сіфіліс было тое, што

лекары прапісалі Леніну сальварсан — прэпарат, які ўжываўся толькі для лячэння пранцаў, а на кансультацыю запрасілі нямецкага прафесара Макса Нонэ, аўтара класічнага даведніка «Сіфіліс і нервовая сістэма».

Пры гэтым цалкамі гнаруецца той факт, што ў той час лекары кіраваліся правілам «In dubio suspice luem» («У сумнеўных выпадках шукайце сіфіліс»).

Ленін і сам не выключаў, што прычына яго хваробы — запушчаныя пранцы. Прымаў сальварсан, спрабаваў лячыцца прэпаратамі на аснове ртуці і вісмуту. Але

прафесар Нонэ адназначна сцвердзіў, што не знаходзіць абсалютна ніякіх прыкмет сіфілісу ў ленінскім арганізме.

Прычынай цяжкай хваробы і наступнага скону Леніна лекары палічылі пашыраны атэрасклероз сасудаў на глебе заўчаснага іх зносу. «З прычыны звужэння прасвету артэрый мозгу, ад недастатковасці подтоку крыві наступалі ачаговыя размякчэнні тканак мозгу, якія тлумачаць усе сімптомы хваробы (паралічы, страта мовы). Непасрэднай прычынай смерці з'явілася: 1 ) узмацненне парушэння кровазвароту ў галаўным мозгу; 2) кровазліццё ў мяккую мазгавую абалонку», — адзначалася ў выніках ускрыцця.

Не знайшлося сіфілітычных спірахетаў і пры мікраскапічным аналізе мозгу.

А вось,

што тычыцца атэрасклерозу, Ленін меў дрэнную спадчыннасць:

ад кровазліцця ў мозг на 55-м годзе жыцця сканаў бацька Леніна — Ілля Мікалаевіч Ульянаў, быў склероз і ў яго маці — Марыі Аляксандраўны.

Ленін і грыб

Яшчэ адзін папулярны міф — Леніна атруцілі. Гэту версію культываваў Леў Троцкі, наўпрост вінавацячы Сталіна ў забойстве правадыра.

Троцкі ў эміграцыі пісаў, як Сталін «з паўусмешкай» расказваў іншым найбліжэйшым паплечнікам, што «стары мучаецца» і прасіў у яго атруты,

каб ужыць у скрайнім выпадку.

Адзін з сакратароў Сталіна, які ўцёк за мяжу, сцвярджаў, што 20 студзеня 1924 Сталін адправіў да Леніна ў Горкі двух дактароў у суправаджэнні намесніка старшыні АГПУ Генрыха Ягоды. Нібыта, яны і далі правадыру атруту.

Ёсць аповед палітзняволенай, а пасля эмігранткі, якая ў турме сустракалася (цікава, якім чынам?) з шэф-кухарам крамлёўскага санаторыя ў Горках Гаўрылам Волкавым. Нібыта 21 студзеня менавіта ён прынёс у 11.00 раніцы Леніну другі сняданак. І

Ленін прыўзняўшыся, выдаў некалькі гукаў і выпусціў з рук паперку: «Гаўрылушка, мяне атруцілі…

Зараз жа едзь і прывязі Надзю… Скажы Троцкаму … Скажы ўсім, каму зможаш».

Ёсці і версія, згодна з якой Леніна атруціў той самы кухар — грыбным супам, у які дадалі сушаны cortinarius ciosissimus (павуціннік асаблівы),

смяротна атрутны грыб.

Сталіну мо і нявыгадна было, каб Ленін цалкам ачуняў. Бо «правадыру сусветнага пралетарыяту» больш імпанавалі ідэі Троцкага, уплыў генсека партыі Сталіна Ленін спрабаваў абмяжоўваць. Але, адзначаюць гісторыкі,

у той час Сталін яшчэ не меў абсалютнай улады, не меў досведу фізічнага знішчэння палітычных праціўнікаў. Ці меў ён, зрэшты, і патрэбу ў забойстве Леніна, фактычна адхіленага ад кіравання краінай

і ізаляванага ў Горках пад наглядам верных Сталіну «сакратароў»?

Муміфікавалі, каб пасля ажывіць

Леніна спачатку збіраліся проста пахаваць. Першаснае бальзамаванне прафесар Аляксей Абрыкосаў зрабіў, каб працоўныя масы паспелі развітацца з целам правадыра. Аднак пазней,

калі спадкаемцы пабачылі ідэалагічную патрэбу ў захаванні цела Леніна надалей, ад тых працоўных пайшлі лісты з адпаведнымі просьбамі.

А некаторыя наіўна спадзяваліся, што вось ужо хутка навука дасягне такіх вышыняў, што Леніна можна будзе… ажывіць.

Супраць муміфікацыі выступала сям'я Леніна, яго жонка і брат Дзмітрый, але кіраўніцтва партыі было непахісным. Першы драўляны маўзалей быў спраектаваны за паўночы і збудаваны за тры дні (архітэктар натхняўся егіпецкімі пірамідамі). Пасля СССР моду на маўзалеі перанялі іншыя камуністычныя дыктатуры — Манголія, Кітай, В’етнам, Паўночная Карэя.

Спачатку Леніна хацелі замарозіць.

З Еўропы нават было выпісана складанае абсталяванне. Аднак яго проста не паспелі змантаваць: цела пачало імкліва раскладацца, марудзіць больш было нельга. Дый

у нестабільнай сітуацыі 1920-х любы збой у энергазабеспячэнні маўзалея прывёў бы да катастрофы.

Егіпецкі спосаб бальзамавання фараонаў таксама не пасаваў — цела пры ім высыхае, рысы твару моцна скажаюцца. Навукоўцы Уладзімір Вараб'ёў і Барыс Збарскі прапанавалі сваю тэхналогію бальзамавання.

Спачатку з цела былі выдаленыя ўсе ўнутраныя органы.

Мозг перадалі ў спецыяльна створаны для яго вывучэння інстытут. Сэрца, паводле няпэўных звестак, захоўваецца ў Крамлі,

лёс іншых органаў невядомы.

Цела прапіталі растворам фармальдэгіду, ліквідавалі з дапамогай воцатнай кіслаты, перакісу і аміяку сляды раскладання, а пасля пагрузілі ў «бальзамічную вадкасць», якая перашкаджае высыханню тканак цела і ўтрымлівае бактэрыцыдныя кампаненты. Аснову вадкасці складае гліцэрын (66 %) і ацэтат калію, а таксама процімікробны 2-працэнтны хларыд хініну. Былі вырабленыя і устаўленыя вочныя пратэзы, на рот накладзеныя швы, схаваныя барадой і вусамі.

У такім стане Ленін, паводле медыкаў, можа захоўвацца сто і больш гадоў практычна без зменаў.

Адзінае, раз на некалькі гадоў яго пераносяць у ванну з «бальзамуючым растворам» і мяняюць час ад часу касцюм.

Пасля развалу савецкай дзяржавы ўзнікла дыскусія пра неабходнасць пахаваць цела Леніна.

Аднак справа была адкладзеная Пуціным, які бачыць сябе аднаўляльнікам СССР, на святое ніколі.

Чытайце таксама:

Радавод Леніна: каранямі з Рэчы Паспалітай

«Хто такі Ленін?» — «Можа пісьменнік?» — відэаапытанне ў Мінску

У Кіеве знеслі апошні помнік Леніну — відэарэпартаж «НН»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?