Абвінавачаны па справе аб смерці пацыенткі «Экамедсэрвіса» анестэзіёлаг Аляксандр Шураў як мінімум двойчы прасіў сястру-анестэзіста Ірыну Нямухіну не казаць пра спыненне сэрца ў Юліі Кубаравай і правядзенні рэанімацыйных мерапрыемстваў падчас аперацыі 26 сакавіка 2013 года.

Гэта стала вядома з паўторнага допыту Нямухінай у судзе Кастрычніцкага раёна Мінска 22 студзеня.

Правядзенне допыту было выклікана супярэчнасцямі ў паказаннях сястры-анестэзіста падчас следства. Адказваючы на пытанні дзяржабвінаваўцы, адваката пацярпелых і адвакатаў абвінавачаных, Нямухіна заявіла, што першы раз Шураў звярнуўся да яе з просьбай не распаўсюджвацца пра ход аперацыі пасля яе правядзення 26 сакавіка. Другі — перад узяццем тлумачэнняў следчым у аперацыйнай брыгады, якія праходзілі ў цэнтры. Тая размова адбылася без адваката. На першым жа допыце ўжо ў статусе падазронай 3 мая 2013 года Нямухіна прытрымлівалася папярэдніх паказанняў. Гэта акалічнасць здзівіла суддзю Алу Абакунчык: як можна было выконваць дамоўленасці з Шуравым, знаходзячыся ў статусе падазронай?

На наступных допытах Нямухіна ўжо казала пра тое, што падчас аперацыі адбылося спыненне сэрца ў пацыенткі, што яе твар быў сіняга колеру, што праводзілася рэанімацыя — ёю і Шуравым, што яна бегала да інжынера, каб высветліць, чаму ў цэнтральнай сістэме няма кіслароду.

Згодна з паказаннямі сястры-анестэзіста, дадзенымі на першым допыце, падчас аперацыі з аперацыйнай ніхто не выходзіў. Нямухіна таксама змяніла свае першапачатковыя паказанні наконт часу, калі яна пакідала аперацыйную. Спачатку заяўляла, што падчас правядзення рэанімацыйных мерапрыемстваў Кубаравай, затым — ужо пасля іх. І на гэтых паказаннях сведка зараз настойвае. Гэтыя акалічнасці, паводле слоў Нямухінай, яна пераблытала з-за стрэсу, бо ў яе медыцынскай практыцы выпадак з Кубаравай першы.

 

Падчас сённяшняга допыту Нямухіна катэгарычна заявіла, што пры ёй апарат ІВЛ сігналізаваў аб тэхнічным збоі адзін раз і аперацыя завяршалася з выкарыстаннем менавіта гэтага апарата (аб тым, што ў суседнім пакоі знаходзіўся іншы апарат, усе забылі). Аднак згодна з заключэннем экспертаў, якія абследавалі апарат пазней, даныя яго вінчэстара паказалі, што збояў было тры.

У 18.47 абсталяванне адключылася, а аперацыя, як заяўляюць абвінавачаны Шураў і сведкі, працягвалася далей. Растлумачыць гэта Нямухіна не здолела. Пры гэтым яна не выключае, што аперацыя праводзілася апараце, які не працаваў.

Падчас допыту суддзя зняў пытанне абароны абвінавачаных да Нямухінай аб тым, чаму, знаходзячыся ў стрэсавым стане пасля аперацыі, разумеючы, што яна прайшла з ускладненнямі, сястра спрабавала выдаліць сваякоў Кубаравай з медцэнтра, а не прапанавала ім пагутарыць з урачом.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?