Беларусь дазволіла транзіт свініны з Літвы. Пра гэта паведамляе прэс-служба дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Мінсельгасхарча.

У прыватнасці, дазволены транзіт у Расію гатовай прадукцыі са свініны або той, што ўтрымлівае ў сваім саставе свініну, сыравіны жывёльнага паходжання (са свініны), прызначанай для вытворчасці кармоў для непрадуктыўных жывёл і пушных звяроў, з прадпрыемстваў Еўрасаюза. Пры гэтым да ветэрынарнага сертыфіката, які суправаджае кожную партыю гатовай прадукцыі, павінен быць аформлены дадатак з указаннем таго, што гэтая прадукцыя прайшла неабходную апрацоўку.

Апрача таго, дазваляецца транзіт у Казахстан цераз Беларусь гатовай свінагадоўчай прадукцыі, вырабленай у Літве, якая рухаецца пры наяўнасці дазволу на ўвоз і пры ўмове праходжання неабходнай апрацоўкі. Згаданыя гарантыі таксама павінны быць завераныя подпісам і пячаткай афіцыйнага ветэрынарнага ўрача краіны — члена Еўрасаюза, які аформіў ветэрынарны сертыфікат.

Апрача таго, дапускаецца транзіт кармавых дабавак і кампанентаў для вытворчасці кармоў, што вырабленыя ў трэціх краінах і рухаюцца цераз парты Літвы за межы Мытнага саюза.

Пры гэтым, ва ўказанні дэпартамента адзначылі неабходнасць узмацніць кантроль у пунктах пропуску цераз дзяржаўную мяжу Беларусі і арганізаваць працу па недапушчэнні ўвозу ў ручной паклажы, багажы і паштовых адпраўленнях для асабістага карыстання фізічнымі асобамі (у тым ліку ў вакуумнай упакоўцы) свініны, у тым ліку ад дзіка, і прадуктаў яе перапрацоўкі, гарбарнай, рогакапытнай і кішачнай сыравіны, шчаціны, паляўнічых трафеяў, атрыманых ад успрымальных відаў жывёл, кармоў і кармавых дабавак для жывёл расліннага і жывёльнага паходжання, у тым ліку з птушкі і рыбы, кармавых дабавак для катоў і сабак, а таксама гатовых кармоў для іх, якія не прайшлі тэрмічную апрацоўку, з Літвы.

Як паведамлялася раней, 24 студзеня ў Літве былі зафіксаваныя выпадкі афрыканскай чумы свіней. Вірус быў выяўлены ў Шальчынінкскім і Варэнскім раёнах у арганізме даследаваных мёртвых дзікоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?