Украінская арганізацыя «Правы сектар» асуджае ціск на сем'і сілавікоў і выступае супраць фізічнай расправы над імі.

«Мы будуем новую краіну, у аснову развіцця якой будуць пакладзеныя нацыянальныя інтарэсы, справядлівасць, высокі ўзровень маралі. Менавіта таму «Правы сектар» негатыўна ставіцца да ціску на сем'і сілавікоў», — гаворыцца ў заяве палітрады «Правага сектара».

Як кажуць у арганізацыі, усе вінаватыя павінны быць пакараныя, гэта будзе тычыцца «і сем'яў злачынцаў у выглядзе канфіскацыяў і грашовых спагнанняў». «Аднак пагрозы фізічнай расправы, на нашу думку, з'яўляюцца недапушчальнымі», - заяўляюць у «Правам сектары».

«Мы — рэвалюцыйна аздароўленае ўкраінскае грамадства — павінны прадэманстраваць, што падняліся на прыступку вышэй у маральным плане. Няхай наш справядлівы гнеў і жаданне справядлівасці не ператвараюцца ў сляпую нянавісць», — гаворыцца ў заяве.

«Правы сектар» таксама звяртае ўвагу на тое, што зараз пад ціскам грамадства «знаходзяцца сем'і асобных сумленных сілавікоў, і гэта з'ява павінна знікнуць». Палітрада таксама адзначае, што яшчэ падчас супрацьстаяння на Грушэўскага ў студзені гэтага года яны заяўлялі, што не будуць помсціць сем'ям, і гэтага прынцыпу прытрымліваюцца і цяпер.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?