Сёння ў судзе горада Барысава на 14.30 быў прызначаны разгляд адміністрацыйнай справы фаната барысаўскага футбольнага клуба Аляксандра Марозава.
Юнак са сваёй дзяўчынай вяртаўся 25 сакавіка з Гродна дадому цягніком. Каля гадзіны ночы на барысаўскім вакзале яго перастрэлі чатыры супрацоўнікі міліцыі і затрымалі. Да суду ён быў змешчаны ў ізалятар, дзе правёў ноч і ўчорашні дзень.
Марозаў вёз з сабою фанацкую атрыбутыку і некалькі маек з надпісам «Асобны атрад БНР». У чым канкрэтна абвінавачваюць фаната, пакуль невядома.
Цалкам магчыма, што гэта крыху запозненая помста за падтрымку футбольнымі фанатамі БАТЭ Еўрамайдана ў Кіеве. Вядома, што Аляксандр Марозаў з'яўляецца адным з лідэраў фанацкага руху Барысава.
«Падобная форма ўздзеяння на нашых фанаў даволі распаўсюджаная, — паведаміла карэспандэнту НН крыніца з каляфутбольнага руху. — Закрыць чалавека на суткі, а пасля скласці пратакол, па якім сведкамі будуць выключна супрацоўнікі міліцыі — ужо класіка жанру. Звычайна ўсе абвінавачаныя «лаюцца матам» і «парушаюць правапарадак».
Па апошняй інфармацыі, Марозаў атрымаў 5 сутак арышту.