У Мінску распачата бясплатная ўстаноўка відэакамер у пад'ездах у межах праграмы «Бяспечны дом».

Аб гэтым паведамляецца ў прэс-рэлізе кампаніі «Стройсвет», якая непасрэдна зоймецца ўстаноўкай абсталявання. 

Ініцыятарам праграмы выступіла група прадпрыемстваў, якія працуюць у сферы сістэм бяспекі («Стройсвет дамафон-сэрвіс», «Смартэл-М», «Лазер ЕТС», «Кварц-аўта сэрвіс», «Стройсвет-ПРА»). Апошняя зоймецца непасрэдна ўстаноўкай відэакамер. 

Як паведаміў дырэктар кампаніі «Стройсвет-ПРА» Сцяпан Вайцяшонак, мерапрыемствы праграмы «Бяспечны дом» рэалізуюцца з канца 2013 года. «Сёння ў праграме ўжо ўдзельнічаюць 40 пад'ездаў жылых дамоў у Ленінскім, Заводскім, Маскоўскім раёнах. У красавіку—маі 2014 года плануецца зманціраваць сістэмы яшчэ больш як на 60 пад'ездах», — адзначыў ён. 

Рэалізацыя праграмы праходзіць у тры этапы.

Першы этап уключае бясплатную замену састарэлых дамафонных сістэм. На другім этапе жыхарам даецца магчымасць індывідуальнай устаноўкі відэадамафонаў у кватэрах, а таксама дадатковых камер на лесвічнай клетцы. І, нарэшце, на трэцім этапе праводзіцца бясплатная ўстаноўка відэакамер у пад'ездах. Гэта частка праграмы праходзіць пры актыўнай падтрымцы ГУУС Мінгарвыканкама. 

Аснашчэнне дома відэаназіраннем праводзіцца толькі пры згодзе ўсіх жыхароў або рашэннем праўлення таварыстваў уласнікаў і ЖБК. 

Як паведаміла Алена Когут, бясплатнай з'яўляецца ўстаноўкай відэакамер на ўваходзе ў пад'езд. Кошт устаноўкі камеры на лесвічнай клетцы складае 812 тысяч рублёў. Жыхары таксама могуць за свой кошт замовіць устаноўку дадатковых камер на паркоўках, даху, дзіцячай пляцоўцы і г.д. 

У планах кампаніі — абсталяваць відэаназіраннем пад'езды ўсіх жылых дамоў у Мінску, жыхары якіх на гэта пагодзяцца. Пасля рэалізацыі ў Мінску праграма будзе распаўсюджвацца і на іншыя гарады Беларусі, адзначыла Когут.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?