…Амаль два дзясяткі актывістаў прыбіралі ўчора народны мемарыял Курапаты. Другі год гэтая група прыходзіць сюды з вясны па восень раз на тыдзень, а то і часцей, каб ачышчаць ад зарасцяў і смецця месцы масавых пахаванняў ахвяр сталінскага генацыду канца 30-х — пачатку 40-х.
Розныя людзі, аб'яднаныя адной ідэяй – мэмарыял трэба ратаваць. Ад вандалаў, улады і яе хіжых сяброў-прадпрымальнікаў. У знак павагі да сваіх продкаў. Для памяці. Яны кажуць, што не хочуць, каб падобныя злачынствы паўтарыліся ў Беларусі. Яны гавораць, што нельга дапусціць новых Курапат не толькі на нашай зямлі, але і ва ўсім свеце, бо зараз зноў узнікла такая пагроза.
Літаральна на днях было знойдзена масавае пахаванне ва ўкраінскім Славянску, вызваленым ад прарасейскіх сепаратыстаў і расейскіх тэрарыстаў, якія катавалі і забівалі закладнікаў з ліку тамтэйшых прадстаўнікоў улады і мірнага насельніцтва. Акупанты збіваюць ва Украіне транспартныя і пасажырскія верталёты і самалёты.
Сёння па Беларусі вольна перасоўваюцца асобы з акупанцкімі флагамі, сімволікай і лозунгамі, па ўсіх тэлеканалах трубіць ілжывая расейская прапаганда – менавіта с гэтага пачыналася акупацыя Украіны і гібрыдная вайна на яе поўдні і ўсходзе. Менавіта таму некаторыя валанцёры выказваліся пра падтрымку Украіны і недапушчэнне супрацы, а тым больш, зрастання з краінай-акупантам і тэрарыстам. Каб не вярнуліся Курапаты.