Салдат тэрміновай службы Узброеных сіл Расіі Андрэй Балабанаў паказаў, што расійскі бок накіроўвае ва Украіну кадравых вайсковых спецыялістаў, узбраенне і браніраваную вайсковую тэхніку.

Пра гэта паведамляе Служба бяспекі Украіны.

У ведамстве паведамілі, што Балабанаў пакінуў месца службы ў знак пратэсту супраць агрэсіі Расіі ў дачыненні да суседняй дзяржавы.

Расійскі салдат перабраўся ва Украіну ў ліпені 2014 з намерам прасіць палітычнага прытулку.

Былы радавы расійскай арміі распавёў, што яго вайсковая часць была перакінутая ў Растоўскую вобласць паблізу мяжы з Украінай у маі 2014 года. Штодня камандзіры пераконвалі армейцаў, што іх рыхтуюць да абароны расійскамоўных грамадзян ва Украіне.

Часць пастаянна доўкомплектоўвалася прафесійнымі вайскоўцамі з ліку спецназаўцаў ГРУ і выхадцамі з Паўночнага Каўказа, якія нелегальна перапраўляліся на ўсход Украіны, паведамілі ў СБУ.

На ўкраінскую тэрыторыю для падтрымкі тэрарыстаў пераходзіла браняваная вайсковая тэхніка з падрыхтаванымі расійскімі баявымі экіпажамі.

«Я прыняў рашэнне не ўдзельнічаць у братазабойчай вайне і перайшоў на бок Украіны. Гэта мой пратэст супраць палітыкі кіраўніцтва Расіі», - растлумачыў Балабанаў.

«Гэта ўжо не першы выпадак пераходу расійскіх вайскоўцаў на бок Украіны. Раней сваё жаданне служыць на баку ўкраінскіх войскаў у зоне АТА выказаў афіцэр ФСБ РФ - Ілля Багданаў», - адзначылі ў СБУ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0