Раскопкі на поўдні Гарадзеншчыны выявілі пахаванні часоў Вялікага Княства: шкілеты ў суправаджэнні няхітрага скарбу — керамікі, скроневых кольцаў, фібулаў ды крэсіваў.

«Сам могільнік быў выяўлены кур’ёзным чынам, — распавядае кіраўнік раскопак археолаг Генадзь Семянчук, які паходзіць з Ваўкавыску, — годзе ў 2005-м я заўважыў тут ямы і вырашыў, што гэта чорныя археолагі. Пацікаваў пару дзён, але ніхто не прыйшоў. Пасля толькі выявілася, што гэта справы пошукавага батальёна…»

Батальён папрацаваў «плённа»: 56 сярэднявечных шкілетаў былі пахаваныя ва ўрочышчы Парахаўня як невядомыя жаўнеры Другой суветнай, нягледзячы на тое, што Шведская і Замкавая горы ў Ваўкавыску з’яўляюцца археалагічнымі помнікамі і ахоўваюцца дзяржавай. Вось такое «рэха вайны».

Сёлетнія раскопкі ажыццяўляюцца сумеснымі высілкамі Гарадзенскага ўніверсітэту ды гісторыка-археалагічнага музею з горада над Нёманам. Студэнты-першакурснікі такім чынам праходзяць археалагічную практыку ў суправаджэнні старэйшых «спецоў». Наогул, на Гарадзеншчыне гэтым летам раскопкі таксама праводзяцца на гарадзішчы Беразавец, што на Карэліччыне, ды ў Любчанскім замку. 

Наперадзе — апрацоўка здабытага ў Ваўкавыску матэрыялу.

Са словаў Генадзя Семенчука, Польская акадэмія навук імаверна дапаможа з аналізам ДНК шкілетаў.

Такім чынам можна будзе выявіць крэўныя сувязі — братоў, сёстраў, бацькоў і дзяцей.

А ўвосень ў супрацы з антраполагамі з Полацкага ўніверсітэта можна будзе зрабіць высновы пра ўзрост, пол, хваробы і выгляд пахаваных тут людзей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?