30 жніўня ў Нью-Ёрку, у Грамадскай зале Сабора Кірылы Тураўскага на Атлантык-авеню, пачалася 31-я Сустрэча беларусаў Паўночнай Амэрыкі з удзелам беларускіх суполак ЗША і Канады. Амерыканскі бок прадстаўлены арганізацыямі з Нью-Ёрка і Нью-Джэрсі, Маямі (Фларыда), Чыкага і Вашынгтона. З Канады прыехалі прадстаўнікі Згуртавання Беларусаў Канады.

У першы дзень сустрэчы была ўрачыста адзначана 23-я гадавіна аднаўлення незалежнасці Беларусі. Удзельнік падзеяў жніўня 1991 года, дэпутат Вярхоўнага савета 12 склікання Сяргей Навумчык падзяліўся ўспамінамі пра той час.

Таксама гасцям была прадстаўлена фотавыстава Джона Кунстадтара «Неруш», адкрыццё якой адбылося ў Саборы 3 жніўня. Затым госця з Канады Ірына Варабей прадставіла прысутным выставу сваіх вышыванак і распавяла пра створаны ёю брэнд Spirit of Belarus. А завяршыла першы дзень Сустрэчы забаўляльная праграма з танцамі і спевамі, якую падрыхтавалі і правялі музыкі Валянцін і Таццяна Дзямешчыкі з Нью-Джэрcі разам са сваімі дзецьмі.

У нядзелю, 31 жніўня, адбылося афіцыйнае адкрыццё Сустрэчы. Пачала яго Старшыня Аргкамітэта сустрэчы Таццяна Красоўская і затым перадала слова Старшыні Бруклінскага аддзела БАЗА Андрэю Асадчаму.

Выступілі дэлегат з Канады Валянціна Шаўчэнка, старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла і яе намеснік Сяргей Навумчык. На цырымоніі закрыцця Сустрэчы зноў выступіла Валянціна Шаўчэнка. Яна падзякавала арганізатарам за цёплы прыём і запрасіла прыязджаць у Атаву - на наступную, ХХХІІ, Сустрэчу.

Святочны канцэрт з удзелам прадстаўнікоў Канады і ЗША, які вяла Таццяна Дзямешчык, быў цёпла прыняты публікай.

Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі ладзяцца раз на два гады. Першая прайшла ў Таронта ў 1952 г.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?