У Мінскім абласным судзе працягваецца працэс над былым гендырэктарам кампаніі «Барысаўдрэў» Уладзімірам Мальцавым.

У чым вінавацяць былога дырэктара? «Пры выбары пастаўшчыка абсталявання Мальцаў не адхіліў прапанову турэцкай кампаніі «Персей», абсталяванне якой не адказвала неабходным патрабаванням. Пры гэтым ён, — разумеючы страты, якія наносяцца прадпрыемству, — не разгледзеў іншых удзельнікаў конкурса. Калі турэцкая кампанія пачала зацягваць тэрміны пастаўкі абсталявання, Мальцаў не зрабіў крокаў у адказ. А пасля заключыў з кампаніяй дамову на мантаж абсталявання, хоць тая не мела дазволу на гэты від працаў», — заявіў у першы дзень суда дзяржаўны абвінаваўца.

Сёння дзень быў прысвечаны паказання сведкаў.

У суд быў выкліканы намеснік начальніка ўпраўлення — начальнік аддзела экспертызы Мінскага абласнога ўпраўлення Дзяржпрамнагляду Уладзімір Гарбарэц. Ён запэўніў, што турэцкая кампанія «Персей» мела дазвол на пастаўку абсталявання на тэрыторыю Беларусі. Апроч таго, Гарбарэц заявіў, што

туркам не патрабавалася мець дазвол на мантаж, паколькі яны з'яўляюцца вырабнікам абсталявання. А вось калі б мантаж праводзіла любая іншая кампанія, яна мусіла б мець спецыяльны дазвол на мантаж.

Яшчэ адно пытанне датычылася таго, ці адпавядала закупленае абсталяванне беларускім кліматычным умовам. Пастаўшчык гарантаваў бесперабойную працу на адкрытым паветры, аднак, паводле заключэння экспертаў Беларускага цеплаэнергетычнага інстытута, падрыхтаванага на запыт пракуратуры, гэтая тэхніка не магла працаваць у беларускіх кліматычных умовах. 

Уладзімір Гарбарэц расказаў, што на кацёл (які фактычна і стаў прычынай крымінальнай справы) была ўсталяваная дадатковая сістэма падагрэву для бесперапыннага функцыянавання абсталявання.

Усталяваны кацёл быў тэрмамасляным (больш дарагім), а не паравым, якія выкарыстаюцца найчасцей. Выканаўца абавязкаў дырэктара Беларускага цеплаэнергетычнага інстытута Алег Зінчанка патлумачыў, што закупка больш дарагога абсталявання была магчымай пры ўмове абгрунтавання неабходнасці і акупляльнасці яго выкарыстання.

Калі б тэхнічнае заданне на куплю цепламаслянага катла не адпавядала нарматывам і заканадаўству, ці магло яно прайсці экспертызу? — спытаў Уладзімір Мальцаў у эксперта. Алег Зінчанка патлумачыў, што ў такой сітуацыі экспертыза не дала б «дабро».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?