Чым можа быць карысны для беларускай эканомікі чэшскі досвед барацьбы з расійкім эмбарга — пра гэта чэшскі і беларускі эканамісты.

Людэк Нідэрмайер: Еўрапейскі саюз вырашыў кампенсаваць бізнесу страты ад расійскіх санкцыяў не грашыма, а пошукам новых рынкаў

Як будзе рэфармавацца эканоміка Чэхіі ў сувязі з расійскімі санкцыямі, і чым можа быць карысны чэшскі досвед Беларусі, для якой Расія — галоўны гандлёвы партнер, распавёў «Заўтра тваёй краіны» вядомы эканаміст, дэпутат Еўрапарламента ад Чэшскай Рэспублікі Людэк Нідэрмайер (Luděk Niedermayer).

Людэк Нідэрмайер — былы віцэ-губернатар Чэшскага нацыянальнага банка. З 2008 года дырэктар па кансалтынгу у Чэшскім філіяле кансалтынгавай і аудытарскай кампаніі Deloitte. Удзельнічае ў дзейнасці працоўных груп МВФ і Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця. 

— У вашай аўтарскай калонцы ў газеце Hospodářské noviny вы прыводзіце статыстыку: прамы экспарт Чэхіі ў Расію складае 120 мільёнаў крон. Якія захады плануецца зрабіць, каб кампенсаваць цяпер гэтыя страты?

— Гэтая лічба была прыведзеная, каб прадэманстраваць, што яна вельмі малая ў дачыненні да макраэканомікі. Вядома, канкрэтныя фірмы і прадпрыемствы раззлаваныя, што нясуць страты.

Галоўнае, на што варта звярнуць увагу: для Расіі экспарт энергетычных рэсурсаў у Еўропу — вельмі істотная частка эканомікі. Між тым, што тычыцца Еўропы, эканамічны абмен з Расіяй складае менш, чым адзін працэнт ад валавага нацыянальнага прадукта. І калі дайшло насамрэч да так званай эканамічнай вайны, Расія ад яе пацерпіць значна больш, чым Еўропа.

Зразумела, Еўрапейскі саюз мае залежнасць ад расійскіх энергарэсурсаў. На маю думку, гэтыя эканамічныя зносіны павінны працягваць існаваць, таму што яны ўзаемавыгодныя. Але сённяшняя сітуацыя паказала, што Еўропа мусіць знайсці нейкія шляхі, каб не мець татальнай залежнасці ад расійскіх нафты і газу.

— Якімі шляхамі пойдуць прадпрыемствы, чыя прадукцыя была арыентаваная на расійскі рынак?

— Для малых бізнесаў і для прыватнікаў тое, што адбываецца зараз у дачыненнях з Расіяй, непрыемна. Але ў звычайных гандлёвых стасунках гэта ў прынцыпе нармальная рэч. Ты маеш кантракт, раптам ён сканчваецца, і новы не падпісваецца.

Канечне, фірмы могуць сказаць, што гэта зрабіў не рынак, а ёсць вынік валявога рашэння дзяржавы. Яны могуць абвінавачваць у сённяшніх умовах палітычныя колы Еўропы і мясцовых палітыкаў.

Я лічу, што як грамадзяне гэтыя прадпрымальнікі не могуць патрабаваць ад уладаў, каб яны ахвяравалі дзяржаўнай палітыкай на карысць гандлю прыватнікаў. Асабліва калі ўлічваць, што Расія зрабіла з Украінай.

Існуе такая практыка, калі дзяржава з дапамогай банкаў кампенсуе прадпрымальнікам страты. Але што тычыцца расійскіх санкцый для Чэхіі, гэта не такія лічбы, каб уключаліся дзяржаўныя механізмы кампенсацыі.

— Пасля ўвядзення прадуктовых санкцыяў МЗС Чэхіі адправіў аградыпламатаў у амбасады пяці краінаў, у тым ліку і ў Расію, з мэтай, каб яны прасоўвалі прадукцыю чэшскай прамысловасці. Як на вашую думку, ці будзе гэта мець плён?

Так, але трэба мець на ўвазе, што гэта доўгатэрміновы праект, і вынікі будуць не адразу і не хутка. Але калі Расія будзе працягваць рабіць тое, што рабіла да апошняга часу, то ў прынцыпе можна разглядаць пытанне: ці неабходны нам такі гандлёвы партнёр?

Накіроўваючы спецыялістаў у амбасады, Еўрапейскі саюз вырашыў кампенсаваць бізнесу страты ад расійскіх санкцыяў не грашыма, а пошукам новых рынкі.

Зазначу, што еўрапейскія санкцыі ў дачыненні да Расіі не былі накіраваныя на тое, каб пацярпелі звычайныя грамадзяне альбо малы бізнес Расіі. Санкцыі Еўропы былі накіраваныя на бліжэйшае атачэнне каля ўлады. Расія ж увяла санкцыі сама супраць сябе. Пытанне ў тым, ці будуць яны працаваць, ці эфектыўны гэта механізм. У першую чаргу, я маю на ўвазе, што ў Еўропе вельмі высокія тэхналогіі перапрацоўкі энергарэсурсаў, чаго ў Расіі пакуль няма.

Я ўпэўнены, што Расія гэта ня ёсць сённяшняя ўлада, і грамадзяне Расіі зразумеюць, што ўлада, якая правакуе такія стасункі з Еўропай, не вечная.

Чалавек, які ходзіць па вуліцы, не кожны дзень купляе дарагое французскае віно, а той, хто купляе яго і прывык да сённяшняга камфортнага жыцця разам з Еўропай, можа пацярпець і задумацца, ці варта яму фінансаваць рэжым і быць пры такой уладзе. Ніводнаму боку ні Расіі, ні Еўропе санкцыі невыгадныя, але палітычная сітуацыя не мела іншай альтэрнатывы.

— Калі раптам Расія спыніць пастаўкі энергарэсурсаў у Чэхію, што будуць рабіць чэшскія кампаніі?

Чэхія даволі добра да гэтага падрыхтаваная. Ёсць магчымасць з Нарвегіі атрымліваць альтэрнатыўны газ. Ёсць вялікія запасы газу ў самой краіне. І ў гэтым сэнсе эканамічнае становішча не будзе дыктаваць нам палітычныя ўмовы.

На думку Людэка Нідэрмайера, ЕС трэба інвеставаць у агульнаеўрапейскія трубаправоды, а таксама сховішча ў розных краінах. Дзясяткаў мільярдаў еўра у бюджэце ЕС, вылучаных на падобныя інвестыцыі, дастаткова, і сёння менавіта гэтым праектам трэба аддаць перавагу.

Павел Данэйка: Для Беларусі сёння асноўны выклік — гэта стварэнне фінансавага рынку

Чым чэшскі досвед можа быць карысны Беларусі, для якой Расія з'яўляецца асноўным гандлёвым партнерам з доляй экспарту 40%? Што адбудзецца з нашай эканомікай, калі ўявіць, што заўтра Расія ўвядзе санкцыі супраць Беларусі?

Адміністрацыйны дырэктар Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC ) Павел Данэйка прыводзіць прыклад Фінляндыі, якая ў 1991-м перажыла самую глыбокую рэцэсію за ўсю сваю гісторыю пасля распаду СССР – яе галоўнага гандлёвага партнёра.

Фінская эканоміка ў той час амаль спынілася, але краіна выйшла з крызісу, — адзначае Павел Данэйка. — Крах Савецкага Саюза даў Фінляндыі магутны штуршок для развіцця. Яны вымушаныя былі павысіць якасць менеджменту, выпускаць новую прадукцыю, асвойваць новыя рынкі.

На думку эксперта, такімі адаптыўнымі здольнасцямі валодае прыватны сектар, які гатовы хутка мяняць занятасць і асартыментную лінейку, хутка пераарыентавацца на іншыя рынкі

— Безумоўна, у дадзеным выпадку для Беларусі праблема будзе складацца ў тым, што нашыя дзяржаўныя кампаніі не ў стане гэта зрабіць. Для іх гэта стане зруйнавальным ударам, бо іх адаптацыйныя магчымасці вельмі нізкія, — лічыць Павел Данэйка. — А для прыватнага сектара гэта быў бы добры шанец пераарыентавацца на больш канкурэнтныя рынкі. Гэты выклік прымусіў бы павысіць якасць бізнесу.

Безумоўна, у гэтых умовах роля дзяржавы была б важная, і яна заключалася б ў двух рэчах. Па-першае, прасоўваць прадукцыю на знешнія рынкі. Пытанне ў формах. Можна пайсці шляхам, які абраў чэшскі ўрад, падтрымаўшы вытворцаў на дзяржаўным узроўні. А, напрыклад, у Германіі гэтым займаецца Гандлёва-прамысловая палата.

Другое — гэта магчымасць атрымаць доступ да доўгіх грошай, якія дазваляюць правесці трансфармацыю. Для нашай краіны гэта пакуль праблема. У Беларусі няма ні фондавага рынку, ні доўгатэрміновага крэдытавання. Да таго ж і стаўкі крэдытаў вельмі высокія.

Як лічыць суразмоўца, ключ да фінансавай бяспекі Беларусі цяпер — стварэнне ўстойлівай фінансавай сістэмы з нізкай працэнтнай стаўкай, сістэмы, якая ў стане генераваць доўгія грошы.

— Гэта азначае, што патрэбны фондавы рынак. Патрэбныя таксама фінансавыя арганізацыі, якія назапашваюць доўгія грошы. Трэба больш хуткае і эфектыўнае развіццё страхавога сектара, у якім гэтыя грошы назапашваюцца. Для Беларусі сёння асноўны выклік — гэта стварэнне фінансавага рынку, які мог бы забяспечваць у выпадку крызісу прыватны сектар доўгімі грашыма, — падсумоўвае Павел Данэйка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?