Эксперты ўпэўненыя: такім чынам Беларусь намагаецца змусіць Расію адмяніць дыскрымінацыйныя абмежаванні на пастаўкі беларускай сельгаспрадукцыі ў Расію і адстаяць сваё права на свабодны транзіт.

Мытныя службы Беларусі аднавілі надгляд грузавога аўтатранспарту на мяжы з Расеяй, паведаміў прадстаўнік расійскай Федэральнай мытнай службы (ФМС). «ФМС пацвярджае, што беларускія мытнікі аднавілі сваю працу на мяжы з Расіяй. З нашага боку мытнага кантролю не ажыццяўляецца», — сказала ТАСС прадстаўніца прэс-службы ФМС Алена Грак.

Таксама ў ФМС пацвердзілі наяўнасць цяжкасцяў пры перасячэнні грузавым аўтатранспартам расейска-беларускай мяжы. 

Крыніца ў адной з кампаній прадуктовага рынку кажа, што ўсе грузы з Калінінграда (Караляўца), якія едуць у «вялікую» Расею, у Беларусі сталі правяраць па тры-чатыры дні. Адгружаныя з Калінінграда машыны праходзяць расейска-літоўскую мяжу, заязджаюць у Беларусь, і іх накіроўваюць у назапашвальнік ў Ашмянах (Гродзенская вобласць). У гэты назапашвальнік траплялі ўсе машыны, якія прыйшлі ў Беларусь з 1 па 4 снежня ўключна.

Чарга з фур каля 15 км удоўжкі сабралася на мяжы Расеі і Беларусі на трасе М1 Масква-Мінск-Берасце. Машыны стаяць у ёй каля двух дзён. Пра гэта паведаміў старшыня цэнтральнага камітэта расійскага міжрэгіянальнага прафсаюза «Дальнабойшчык» Валер Вайтко.

Паводле расійскага партала РБК, мытнікі правяраюць не толькі грузавыя, але і легкавыя аўтамабілі. На сайце Мытнага камітэта Беларусі паведамляецца пра канфіскацыю незадэклараваных ювелірных вырабаў у грамадзяніна Казахстана, які рухаўся на Porshe Cayenne. А ў Расонскім раёне беларускія мытнікі завярнулі ў Расію грузавік з партыяй бананаў, а таксама мікрааўтобус са спіртам і цыгарэтамі.

Аляксандр Лукашэнка паставіў Расіі фактычны ўльтыматум: ён запатрабаваў зняць наяўныя абмежаванні цягам дзесяці дзён.

Мытнага надгляду на мяжы Беларусі і Расіі няма ад 2011 года, калі краіны заключылі Мытны саюз.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?