За апошні месяц афіцыйны курс даляра вырас больш чым на 35%, аднак валюта ў абменніках так і не з’явілася. Якія спосабы знайсці валюту засталіся ў беларусаў?

У абменніку — 15 125 рублёў

Месцы, дзе валюту можна знайсці ў адносна свабодным доступе, вылічваюцца доследным шляхам. Вакзалы і гандлёвыя цэнтры буйных гарадоў? Так, тут часта здаюць грошы, але амаль заўсёды стаіць чарга на куплю. Затое ў казіно, асабліва ўначы і пад раніцу, можна выкупіць некалькі сотняў, а то і тысяч даляраў.

Апроч таго, некаторыя банкі раніцай даюць сваім аддзяленням (не абменнікам пасярод вуліцы) падмацаванне, па некалькі тысяч даляраў і еўра.

Зрэшты, такога ажыятажу, як у 2011-­м, пакуль няма. Тады розніца паміж афіцыйным і «чорным» курсам была вялікая, і скупшчыкі стаялі каля кожнага банка. Цяпер жа набыць патрэбную валюту часам можна і выпадкова, удала зайшоўшы ў абменнік.

У банкамаце за мяжой — 15 430 рублёў

Большасць беларускіх банкаў увялі абмежаванні па разліках па картках за мяжой. Ліміт датычыцца купляў у крамах і зняцця грошай у банкаматах. Напрыклад, у «Белінвестбанка» ў залежнасці ад тыпу карткі можна патраціць (ці зняць) за суткі ў эквіваленце ад 1,5 да 5 мільёнаў рублёў, у «МТБанка» — 3,5 мільёна.

Зняць даляры наўрад ці ўдасца — такіх банкаматаў у суседніх краінах няма. Затое ў прыбалтыйскіх краінах можна зняць еўра. Памер камісіі трэба спраўджваць у банку, у сярэднім ён складае 2%. У выніку з карткі «Белінвестбанка» за мяжой можна здымаць па 280 еўра кожныя суткі.

У абменніку за мяжой — 20 000 рублёў

Тым, хто не мае карткі, у Вільні можна аднесці рублі ў абменнік. Праўда, курс будзе нявыгадным, бо беларускі рубель — слабаканвертаваная валюта.

Курсы куплі і продажу даляра ў Вільні складаюць на сёння 13 400 і 20 000 рублёў адпаведна.

Незаконны абмен караецца 

Дэфіцыт любога тавара фарміруе чорны рынак. Кошт даляра на ім вагаецца на ўзроўні 16—17 тысяч рублёў, ён перадусім залежыць ад нахабства валютчыка.

Нагадаем, што незаконныя валюта­абменныя аперацыі жорстка караюцца законам, нават за самую маленькую суму можна нарвацца на канфіскацыю грошай і штраф да 18 мільёнаў рублёў. А за вялікія аб’ёмы абаротаў валютчыкаў могуць нават пасадзіць за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?