Спачатку мы ехалі па цёмнай‑цёмнай дарозе сярод змрочных елак. Пасля ўбачылі ўдалечыні яркае святло, сканцэнтраванае над адным аб’ектам — быццам сярод цемры беларускіх палёў апусціласля іншаземнае НЛА. Але нічога касмічнага… На ўзбочыне дарогі з’явіліся людзі, прыкметныя ў цемры, — законапаслухмяныя — усе з флікерамі.

І адразу мы ўбачылі ўказальнік «Александрыя».

«Александры‑ыя!» — заспяваў пад «Песняроў» адзін са спадарожнікаў — у далёкія 1980‑ыя лідэр аршанскага рок‑гурта «Калыска для коткі». «Не тое пяеш, — паправілі яго, — «Песняры» спявалі «Александры‑ына» — гэта жаночае імя, а Алескандрыя — родная вёска Лукашэнкі». Вось і прыехалі.

Тое, што здалёк здавалася касмічнай талеркай, зблізу аказалася спартовым цэнтрам, пабудаваным у вёсцы на асабісты загад Лукашэнкі. Комплекс складаецца з аквапарка, вялізнай спартовай ды трэнажорнай залаў. Вакол спорткомплекса шмат машын. Увечары сюды з’язджаюцца людзі з навакольных гарадоў — Копысі, Шклова, Барані і Оршы. У гэтых гарадах няма аквапаркаў і нават няма басейнаў з разавым наведваннем — калі можна не набываць абанемент, а проста, заплаціўшы грошы, паплаваць у сваё задавальненне. Там басейны знаходяцца, галоўным чынам, на розных прадпрыемствах, і трапіць туды можна толькі праз заводскую прахадную, папярэдне набыўшы абанемент. А прыхільнікаў здаровага ладу жыцця ў гэтых гарадах хапае. Таму аквапарк у Александрыі не пустуе. Днём яго наведваюць дзеці з вёсак, а таксама возяць сюды арганізавана і дарослых вясковых жыхароў, а пасля 18.00 — вольнае наведванне па запісу.

Пры ўваходзе нас сустрэлі ветлівыя жанчыны ў белых блюзках і чорных нагавіцах, патлумачылі, што тэлефоны (папярэдне адключыўшы) мы можам пакінуць у гардэробе: «Не хвалюйцеся, у нас тут нічога не знікае». У гардэробе мы пераабуліся, далей пайшлі ў тапках — гэта тут абавязкова — тапкі і шапкі гумовыя. Усё паўсюль цёплае, чыстае і прыемнае — новенькае. Тут ёсць басейн на 25 метраў, саўна і джакузі і асобны басейн для маленькіх дзетак. І ўсё аформлена ў антычным стылі — калоны, порцікі, блакітная і сіняя мазаіка, лавы ўздоўж басейна з падагрэвам.

Паплаваць у басейне каштуе тры пяцьсот, асобныя кошты на джакузі і на саўну. Вось гэтага я не зразумела — няўжо ёсць людзі, якія бяруць толькі джакузі і сядзяць там цэлую гадзіну? Пра гэта трэба яшчэ даведацца.

Напэўна, можна заказаць, каб было ўсё ў комплексе…

Людзей шмат. Басейн поўны. Жанчыны ў прыгожых купальніках, рознакаляровых тапках і шапках. Тут можна і людзей паглядзець, і сябе паказаць — свецкае жыццё ідзе поўным ходам. Вось з мужчынскай распранальні выйшаў вусаты здаровы мужчына ў чорных плаўках — яўна мясцовы, бо копія Лукашэнкі. Радасна ўсміхнуўся і даў нырца. Проста цудоўна ў александрыйскім аквапарку.

Я плавала і думала: «Што гэта? Няўжо, сапраўды, такі незвычайны і фантастычны клопат пра простага чалавека? Ці нешта іншае? Напрыклад, увасабленне дзіцячай мары?»

Паліна Качаткова, газэта «Свабода»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0