фота Радыё Свабода

 Грамадскага актывіста з Гомеля, 54-гадовага палітзняволенага Юрыя Рубцова перавялі з баранавіцкага следчага ізалятара ў папраўчую калонію № 2 Бабруйска. На мінулым тыдні Аляксандр Лукашэнка абяцаў журналістам азнаёміцца з яго справай.

Пра перавод Рубцова праваабаронцам стала вядома 11 жніўня. «Верагодна, перавялі ў выхадныя, бо яшчэ ў пятніцу Рубцоў знаходзіўся ў СІЗА г. Баранавічы», — паведамляе праваабарончы сайт spring96.org

Праблемы з уладамі пачаліся ў Рубцова пасля таго, як ён стаў рэгулярна прыходзіць на вулічныя акцыі апазіцыі ў майцы з надпісам «Лукашэнка, сыходзь». За гэта гомельскаму актывісту нават далі мянушку «чалавек-майка». 

У кастрычніку 2014 года Рубцоў быў асуджаны на падставе артыкула 391 КК (абраза суддзі ці народнага засядацеля). Суд Цэнтральнага раёна Мінска прыгаварыў яго да паўтара года абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу. 

Новая крымінальная справа ў дачыненні да гомельскага актывіста была заведзена ў сакавіку гэтага года на падставе артыкула 415 КК (ухіленне ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі) пасля таго, як палітзняволены адмовіўся ад працы з зарплатай ніжэйшай за 600 долараў (паводле афіцыйнай статыстыкі, гэта сярэдняя зарплата па краіне). 

У маі суд Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці прызнаў Рубцова вінаватым і прыгаварыў яго да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму з улікам неадбытага тэрміну. У ліпені Брэсцкі абласны суд разгледзеў касацыйную скаргу Рубцова і пакінуў прыгавор без змяненняў. 

«Міжнародная амністыя» прызнала Рубцова вязнем сумлення. 

4 жніўня падчас інтэрв'ю Аляксандр Лукашэнка, пачуўшы пра гісторыю Рубцова, паабяцаў азнаёміцца з яго справай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?