фота Дзмітрыя Брушко, Tut.by

фота Дзмітрыя Брушко, Tut.by

Захаванне самабытнасці і традыцый беларускага народа, раўнапраўнае і ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва Беларусі з замежнымі партнёрамі, умацаванне і развіццё супрацоўніцтва ў межах СНД, Еўразійскага эканамічнага саюза, паглыбленне і развіццё ўзаемавыгадных і раўнапраўных саюзніцкіх адносін з Расіяй прапануе ў сваёй перадвыбарнай праграме кандыдат у прэзідэнты Мікалай Улаховіч — старшыня Беларускай патрыятычнай партыі, вярхоўны атаман РГА «Беларускае казацтва». 

У раздзеле праграмы пра духоўна-патрыятычнае выхаванне ён выступае за развіццё «нацыянальнай ідэнтычнасці беларускай нацыі на аснове шматвяковай гістарычнай спадчыны, традыцый і культуры, праз адраджэнне роднай мовы». Асноўнай мэтай такога выхавання Улаховіч называе «ўсебаковае развіццё асобы, прывіццё такіх якасцяў, як патрыятызм, талерантнасць і нецярпімасць да праявы насілля ў любой форме». 

Узаемаразуменне, гаворыцца ў праграме, павінна стаць «асновай для пастаяннага дыялогу паміж рознымі грамадска-палітычнымі сіламі грамадства, што не дапусціць сілавога супрацьстаяння». Улаховіч таксама выступае за «процідзеянне спробам перапісаць гісторыю», заклікае захаваць «гістарычную праўду пра вялікую перамогу над фашызмам». 

У раздзеле, які датычыцца ўмацавання дзяржаўнасці, Улаховіч адзначае, што «мудрасць і вопыт беларускага народа дазваляюць пазбегнуць сляпога паўтору прынцыпаў ілюзорнай замежнай дэмакратыі без адмаўлення перадавых агульначалавечых каштоўнасцяў і значнасці найболей перадавых форм узаемадзеяння грамадзянскай супольнасці і ўлады». «Творчасць, прафесіяналізм, сумленнасць і прыстойнасць — вось тыя якасці, без якіх ніхто не можа быць дапушчаны да дзяржаўнай службы», — гаворыцца ў праграме. 

Улаховіч выступае за: гарантыю бяспекі асобы і грамадства; далейшую кансалідацыю беларускага грамадства праз пашырэнне ўдзелу прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці ў кіраванні дзяржавай; удасканаленне выбарчага заканадаўства шляхам пераходу на змяшаную сістэму выбараў; удасканаленне сістэмы дзяржаўнага кіравання праз ухіленне празмернай цэнтралізацыі і даванне большай самастойнасці суб'ектам гаспадарчай дзейнасці; барацьбу з карупцыяй і далейшае ўдасканаленне механізмаў удзелу інстытутаў грамадзянскай супольнасці ў антыкарупцыйнай дзейнасці. 

У праграме адзначаецца неабходнасць беражлівага стаўлення да прыроды, аднаўлення прыродных рэсурсаў праз укараненне прагрэсіўных метадаў гаспадарання на зямлі і «зялёных» тэхналогій. 

Улаховіч заяўляе пра важнасць развіцця і ўмацавання «традыцыйных для Беларусі галін эканомікі, адмову ад вытворчасці «ўсяго ў сябе» і забеспячэнне патрэбнасцяў дзяржавы праз пашырэнне міждзяржаўнай эканамічнай інтэграцыі». 

Кандыдат выступае за «павышэнне канкурэнтаздольнасці выпушчанай прадукцыі, стварэнне ўмоў, якія сапраўды забяспечваюць прыток інвестыцый і перадавых тэхналогій». Улаховіч абяцае паэтапна скараціць знешні доўг, правесці падатковую рэформу, а таксама ўсебакова падтрымліваць і развіваць прыватныя ініцыятывы і прадпрымальніцтва. 

Улаховіч гарантуе «поўную працоўную занятасць для працаздольнага насельніцтва», выкарыстанне «высокай прафесійнай падрыхтоўкі і шматгадовага вопыту працуючых пенсіянераў», захаванне «пераемнасці працоўных дынастый». «Крытэрыем для звальнення работніка павінен быць не ўзрост, а якасць выкананай працы», — гаворыцца ў праграме. 

Кандыдат у прэзідэнты заяўляе пра намер укараняць перадавыя сусветныя безадходныя і малаадходныя тэхналогіі ў вытворчасць, сельскую гаспадарку, будаўніцтва, жыллёва-камунальнае будаўніцтва і іншыя галіны. Пры гэтым ён выступае за працяг субсідавання дзяржавай паслуг ЖКГ. 

У сацыяльнай сферы Улаховіч абяцае забяспечыць годную зарплату ўрачам, медперсаналу, настаўнікам, супрацоўнікам дашкольных устаноў, работнікам культуры, а таксама захаваць дзяржпадтрымку для найменш забяспечаных слаёў насельніцтва. 

Акрамя гэтага, кандыдат абяцае павялічыць дзяржаўныя ўкладанні ў развіццё аховы здароўя, адукацыі, культуры і навукі, забяспечыць роўную даступнасць насельніцтва да высокатэхналагічнай медыцыны і адукацыі. 

Улаховіч выступае за прыняцце дзейных мер па фарміраванні даступнага асяроддзя для людзей з абмежаванымі магчымасцямі і асаблівасцямі ў развіцці, умацаванне сувязі навукі з вытворчасцю, усялякае спрыянне развіццю ў грамадстве здаровага ладу жыцця. «Патрыятызм, любоў да Радзімы, павага да гісторыі, захаванне і памнажэнне традыцый, сямейных каштоўнасцяў і гатоўнасць абараняць іх забяспечаць мір, спакой і парадак у Рэспубліцы Беларусь», — падкрэсліваецца ў праграме. 

Раней свае перадвыбарныя праграмы апублікавалі яшчэ два кандыдаты ў прэзідэнты — старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч і актывістка кампаніі «Гавары праўду» Таццяна Караткевіч. Тэзісы праграмы яшчэ аднаго кандыдата — Аляксандра Лукашэнкі — пакуль невядомыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?