Намеснік старшыні ЛДПБ, і па сумяшчальніцтве сын кандыдата ў прэзідэнты Сяргея Гайдукевіча, распавёў «Нашай Ніве», што выбарамі задаволены. Ва ўсякім выпадку, пакуль што.

У штабе ЛДПБ нешматлюдна. Гучна ідзе тэлевізар – «Беларусь 1». Па словах Алега Гайдукевіча, асноўная частка паехала паабедаць, а потым і прагаласаваць. Цяпер толькі некалькі чалавек сядзяць на тэлефонах. Сяргея Гайдукевіча таксама няма – па словах сына, ён паехаў на сустрэчу з назіральнікамі ад АБСЕ і краін СНД.

Гутарку Гайдукевіч-малодшы вядзе ў сваім кабінеце. На стале – гарбата, улёткі і шахматы, якія нясуць чыста дэкаратыўную функцыю (прыкладна палова чорных фігур проста адсутнічае).

«У нас штаб не толькі тут. Гэта ў Улаховіча толькі ў Мінску і ён там сядзіць гарбату п’е. А ў нас у кожным абласным цэнтры такія ж штабы. І кожную гадзіну мы збіраем інфармацыю з кожнага офіса. Плюс 2,5 тысячы нашых назіральнікаў і членаў ініцыятыўнай групы працуюць таксама. Мы маніторым, як ідзе галасаванне, якая яўка. І ўпор робім менавіта на рэгіёны», — распавядае Алег Гайдукевіч.

Пакуль што Гайдукевіча сітуацыя з выбарамі задавальняе. Сур’ёзных нараканняў няма, лічыць ён. Нават неймаверная яўка на датэрміновым галасаванні – выбар народа.

«Перагібы, я ўпэўнены, былі. Але ж калі чалавек не хоча, то яго немагчыма заставіць прагаласаваць. Даведку ж на ўчастку не даюць. Таму людзі шчыра самі пайшлі. На гэта спрацавалі два фактары: Украіна і прапаганда ў добрым значэнні слова», — кажа ён.

Гайдукевіч-малодшы і сам галасаваў датэрмінова. Ён тлумачыць гэта тым, што прапісаны не там, дзе іншыя члены сям’і, таму хацеў не ездзіць на ўчастак сёння, а вызваліць сабе трошкі часу.

«Мы ўпэўненыя, што ідзём на другім месцы. Дакладную лічбу не назаву. Але прыкладна… Каля 10%. У прэзідэнта – каля 77%, — мяркуе Алег Гайдукевіч. — Але гэта не параза. Тым больш трэба дачакацца афіцыйных вынікаў. Можа ж усякае быць. Мы разлічваем на перамогу, само сабой.

«Так, мы трэці раз удзельнічаем у выбарах. Мінулыя вынікі былі невялікія па лічбах, але вельмі карысныя. Напрыклад, сёлета ва Улаховіча папулярнасць і пазнавальнасць будзе большая, чым у Калякіна і Лябедзькі, бо ён быў кандыдатам. Людзі прыйдуць галасаваць у вёсках, куды ніхто з кандыдатаў ніколі і не прыязджаў. І што яны ўбачаць? Плакат! А хто на ім? Лукашэнка, Гайдукевіч, Караткевіч, Улаховіч!», — кажа Гайдукевіч-малодшы.

У цэлым, па словах Алега Гайдукевіча, выбары праходзяць нармальна. Вялікім крокам наперад ён называе магчымасць выступіць на дзяржаўных тэлеканалах. Падчас галасавання парушэнні можа і ёсць, але так, па дробязях, мяркуе ён. Калі далей так і будзе, і падлік галасоў «не выклікае пытанняў», то, кажа ён, вынікі выбараў, якія б яны не былі, ЛДПБ прызнае.

«Пераможцу мы абавязкова павіншуем», — запэўніў Алег Гайдукевіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?