Дарожная карта па структурным рэфармаванні эканомікі прадугледжвае шэсць кірункаў рэформ, паведаміў першы намеснік міністра эканомікі Аляксандр Забароўскі 4 лістапада на канферэнцыі «Эканоміка Беларусі: зноў перад выбарам».

Ён нагадаў, што «дарожная карта» была распрацаваная ўрадам сумесна з Сусветным банкам, і там «сфармуляваны парадак дня структурнай трансфармацыі эканомікі на доўгатэрміновую перспектыву».

Аляксандр Забароўскі. Фота: Дзмітрый Брушко, TUT.BY

Аляксандр Забароўскі. Фота: Дзмітрый Брушко, TUT.BY

Паводле слоў Забароўскага, першым элементам рэформ, акрэсленых у «дарожнай карце», выступаюць меры, накіраваныя на забеспячэнне макраэканамічнай збалансаванасці.

«У 2015 годзе, базіруючыся на «дарожнай карце», мы ўжо дабіліся важнага выніку: Беларусь выйшла на лепшыя паказчыкі плацежнага балансу. Дэфіцыт наяўнага рахунку плацежнага балансу склаў 1,3% ВУП у студзені—жніўні — такі дэфіцыт нармальна фінансуецца на бездаўгавой аснове», — сказаў Забароўскі.

Другі элемент «дарожнай карты» структурных рэформ — павышэнне эфектыўнасці размеркавання фінансавых рэсурсаў. «Дырэктыўнае крэдытаванне па нярыначных стаўках скарачаецца, і адначасова з гэтым павялічваецца доля тых рэсурсаў, якія выдаюцца на камерцыйных прынцыпах. З 2016 года будзе наведзены ідэальны парадак з адміністраваннем і паслядоўным скарачэннем нярыначных крэдытаў», — сказаў Забароўскі.

Трэці элемент структурных рэформ, якія маюць намер рэалізаваць улады, — трансфармацыя сектара дзяржпрадпрыемстваў. Чыноўнік зазначыў, што сёння ўжо менш як 50% дададзенага кошту генерыруецца прадпрыемствамі, кантрольны пакет акцый якіх належыць дзяржаве.

«Для трансфармацыі дзяржсектара будзе рэалізаваная мнагамерная стратэгія, якая ўключае скарачэнне дзяржпадтрымкі, аказанне яе на рыначных прынцыпах, а таксама рэструктурызацыя неэфектыўных прадпрыемстваў», — растлумачыў Забароўскі.

Чацвёрты кірунак структурных рэформ — садзейнічанне росту і развіццю прыватнага сектара. Гаворка, паводле слоў прадстаўніка Мінэканомікі, ідзе аб стварэнні спецыяльных праграм даступнага крэдытавання для стартапаў.

Пяты кірунак рэформ — садзейнічанне стварэнню дынамічнага рынку працы для павышэння эфектыўнасці размеркавання працоўных рэсурсаў. «Ключавая навацыя — пераход да праактыўнай палітыкі: абараняць неабходна не проста працоўныя месцы, а магчымасці людзей атрымліваць даход, у тым ліку на новых ці іншых працоўных месцах», — сказаў Забароўскі.

Шосты кірунак — фарміраванне эфектыўных таварных рынкаў і рынкаў паслуг. «Дэсанапалізацыя і зніжэнне затрат у энергетыцы і ЖКГ павінны быць увязаныя з рэформай тарыфаў. Субсідзіраваць багатых за кошт тарыфаў, якія не пакрываюць затраты, марнатраўна», — зазначыў Забароўскі.

Днём раней на гэтай жа канферэнцыі памочнік прэзідэнта па эканамічных пытаннях Кірыл Руды , што ў 2016 годзе рэформ не будзе, і назваў тры прычыны: адсутнасць у грамадстве запыту на рэформы, наяўнасць грошай у краіне і адсутнасць знешніх стымулаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?