Беларускім уладам не варта вызначаць мэтавыя паказчыкі па росце заработнай платы. Такая рэкамендацыя ўтрымліваецца ў даследаванні Міжнароднага валютнага фонду, якое прысвечанае прычынам узнікнення валютных крызісаў у Беларусі.

Аўтары даследавання, апублікаванага на сайце МВФ, звяртаюць увагу на тое, што на працягу 2001—2014 гадоў беларускія ўлады стымулявалі рост даходаў насельніцтва шляхам ўстанаўлення мэтавых паказчыкаў па зарплаце. «Урад меў адміністрацыйныя інструменты, неабходныя для дасягнення гэтых мэтаў, што адлюстроўвала дамінавальную ролю дзяржавы ў эканоміцы», — адзначаецца ў дакуменце.

Паводле ацэнкі экспертаў МВФ, штучны рост зарплат разам з крэдытаваннем дзяржпраграм стымуляваў ўнутраны попыт, што ў выніку цягнула павелічэнне дэфіцыту рахунку бягучых аперацый плацежнага балансу. «Беларусь за апошнія шэсць гадоў перажыла тры крызісы — у 2009-м, 2011-м і 2014-м. Узнікненню кожнага крызісу папярэднічала пашырэнне дэфіцыту рахунку бягучых аперацый больш як на 8% ВУП», — гаворыцца ў даследаванні МВФ.

У сувязі з гэтым эксперты рэкамендуюць меры, якія б не дапускалі ўзнікнення такіх дысбалансаў. «Ураду варта адмовіцца ад ўстанаўлення мэтавых паказчыкаў па заработнай плаце і паэтапна скарачаць аб'ёмы крэдытавання дзяржаўных праграм, каб ліквідаваць асноўную крыніцу дысбалансаў і забяспечыць трывалую стабілізацыю», — адзначаюць аўтары даследавання.

Яны вітаюць змены, што адбыліся ў эканамічнай палітыцы Беларусі ў 2015 годзе. «Нядаўнія змены ў макраэканамічнай палітыцы — план па скарачэнні крэдытавання дзяржпраграм, пераход на манетарнае таргетаванне і абменны курс, які плавае, — крокі ў правільным кірунку», — гаворыцца ў даследаванні.

Нагадаем, Беларусь вядзе з МВФ перамовы аб атрыманні новага крэдыту на 3 млрд. долараў. Прадстаўнікі Нацыянальнага банка чакаюць, што вынікі перамоў стануць вядомыя ў першым квартале 2016 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?