З-за непагадзі, выкліканай праходжаннем цыклону «Даніэла», у Беларусі былі абясточаныя 80 населеных пунктаў, паведаміла раніцай 12 студзеня МНС са спасылкай на звесткі ДВА «Белэнерга».
На 6.00 заставаліся без электразабеспячэння 48 населеных пунктаў у Брэсцкай, Віцебскай, Гомельскай і Мінскай абласцях.
Паводле звестак Мінскага абласнога ўпраўлення МНС, у 53 населеных пунктах рэгіёна зарэгістраванае адключэнне электразабеспячэння: у Любанскім (4 н. п. і малочна-таварная ферма), Слуцкім (33 н. п., 7 МТФ), Салігорскім (8 н. п., 2 МТФ) і Старадарожскім (8 н. п.) раёнах. На 6.00 заставаліся без электразабеспячэння 39 населеных пунктаў у Любанскім (1 н. п.), Слуцкім (30 н. п., 5 МТФ) і Старадарожскім (8 н. п.) раёнах.
Як паведамляе Гідрамет, днём 12 студзеня чакаюцца працяглыя моцныя ападкі (снег, мокры снег, па поўдні мокры снег з дажджом). У многіх раёнах мяцеліца, наліпанне мокрага снегу. Месцамі галалёд, на дарогах галалёдзіца. Па поўдні слабы туман. Вецер паўднёва-ўсходні з пераходам на заходні, парывісты, па ўсходзе моцны парывісты. Тэмпература паветра ад мінус 5 градусаў па поўначы да плюс 5 па поўдні. У Мінску працяглыя моцныя ападкі (снег, мокры снег), наліпанне мокрага снегу, слабы галалёд. На асобных участках дарог галалёдзіца. Вецер паўднёва-ўсходні з пераходам на заходні, парывісты. Тэмпература паветра ад мінус 1 да плюс 1 градуса.
Каментары