Актывістка таджыкскай апазіцыі Шабнам Худайдодава 22 лютага вызваленая са следчага ізалятара Брэста. Пра гэта паведаміў брэсцкі праваабаронца Раман Кісляк, які адсочваў лёс затрыманай.

Грамадзянка Таджыкістана Шабнам Худайдодава была затрыманая 13 чэрвеня 2015 года на чыгуначнай станцыі Брэст-Цэнтральны па шляху ў Польшчу. Пасля таго як было ўстаноўлена, што Худайдодава знаходзіцца ў міждзяржаўным вышуку, памежнікі перадалі яе для далейшага разгляду супрацоўнікам АУС на транспарце УУС Брэсцкага аблвыканкама. Праваабаронца была змешчана спачатку ў ізалятар часовага ўтрымання Ленінскага РАУС Брэста, а пазней — у следчы ізалятар.

Пасля затрымання Худайдодава звярнулася да беларускіх уладаў з хадайніцтвам даць ёй прыстанішча. Да вырашэння пытання аб статусе затрыманай працэдура выдачы ў Таджыкістан прыпыненая. «Зыходзячы з таго, што Худайдодаву вызвалілі, можна меркаваць, што яна атрымала статус бежанца ў нашай краіне. Па законе інфармацыя аб прадастаўленні такога статусу ўладамі не раскрываецца ў інтарэсах самога бежанца. Аб атрыманні такога статусу можа распавесці толькі сам бежанец пры жаданні. Дзе яна знаходзіцца цяпер, мы паведаміць не можам у мэтах яе бяспекі», — растлумачыў брэсцкі праваабаронца.

Кісляк адзначыў, што, паводле інфармацыі пагранічнікаў, Худайдодава знаходзіцца ў міждзяржаўным вышуку за экстрэмісцкую дзейнасць на тэрыторыі сваёй краіны. «Тое, што Худайдодава на тэрыторыі Таджыкістана не займалася экстрэмісцкай дзейнасцю, лёгка праверыць. Яна далучылася да «Групы 24», знаходзячыся ўжо на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, дзе пражывала ў апошнія гады. З таго моманту яна ні разу не была ў Таджыкістане. Усе, што яна рабіла, гэта крытыкавала таджыкскія ўлады за палітыку, якая імі праводзіцца», — падкрэсліў Кісляк.

Ён нагадаў, што ўлады Таджыкістана абвясцілі арганізацыю «Група 24» экстрэмісцкай у кастрычніку 2014 года. З таго часу шэраг актывістаў гэтай групы былі затрыманыя, выкрадзеныя ці забітыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?