Арганізатары «Спеўных сходаў» просяць ахвяраваць, каб гэтая ініцыятыва жыла.
Украінцы, грузіны, літоўцы, калі збіраюцца разам, спяваюць свае народныя песні. Беларусы ж часта народных песень не ведаюць.
І адкуль? Па радыё і ТВ яны амаль не гучаць. Каб выправіць сітуацыю і адрадзіць народную песню «знізу», журналіст
Аляксей Чубат і музыка Сяргей Доўгушаў прыдумалі ініцыятыву «Спеўны сход».
Ідэя простая: каб беларусы збіраліся разам і вучылі народныя песні.
«Песні пераходзяць з этнаграфічных сховаў і ажываюць тут і цяпер, у асяроддзі сучаснікаў, у горадзе XXI ст. Песні пяюцца людзьмі, якія раней ніколі не спявалі, — пішуць арганізатары. — «Спеўны сход» задуманы для таго, каб традыцыйная песня Беларусі жыла ў людзях, каб беларусы захацелі спяваць на святах, у важныя моманты жыцця. Таксама праект ініцыюе ідэю, што песня з’яўляецца добрым сродкам прэзентацыі краіны ў замежжы.
Яшчэ адна ідэя «Спеўнага схода» – еднасць беларусаў.
Арганізатары праекта мяркуюць, што супольныя спевы – адзін з наймацнейшых фактараў аб’яднання нацыі.
Гэта адчуванне робіць чалавека прыналежным да ўсёй грамады, павышае самаацэнку. Менавіта такое адчуванне, калі за табой – твой народ, дапамагае перамагаць у розных сітуацыях: спартыўных спаборніцтвах, музычных конкурсах».
За 2015 год у Мінску і Віцебску прайшлі сем «Спеўных сходаў», якія збіралі па 50—150 удзельнікаў. На далейшую дзейнасць арганізатары просяць ахвяраваць.
На што пойдуць грошы? «Перш-наперш, будзем аплочваць арэнду залаў, — кажа Аляксей Чубат. — Нягледзячы на крызіс, добрых пляцовак у Мінску не так шмат, і дэмпінгаваць яны пакуль не збіраюцца. Гадзіна ў розных пляцовак каштуе ад $50 да $100.
Другі артыкул па затратах - гэта ганарары ўсім, хто робіць мерапрыемства. Мы лічым, што любая праца павінна аплачвацца, а гэта праца і музыкі, і вядучага, і адміністратара, і менеджара, і выступоўцы міні-лекцыі. Трэцяя катэгорыя расходаў - гэта ўсё, што звязана з сучаснымі тэхналогіямі і мультымедыя. Відэаздымка, фотаздымка, SMM, паслугі дызайнера. Без відэа-, аўдыё- і інтэрнет забеспячэння ў сённяшнім свеце аніяк. Калі скласці, атрымліваецца такая сума.
Калі, напрыклад, мы зможам сэканоміць на расходах, зробім больш «Спеўных сходаў», — кажа Аляксей Чубат.
Болей інфармацыі пра «Спеўныя сходы» можна атрымаць на старонках у сацсетках Вконтакце і Facebook. Таксама ініцыятыва мае акаўнт на Ютубе і сайт.